Лінкі ўнівэрсальнага доступу

18:15 РЭПАРТАЖЫ CNN ЗЬ БЕЛАРУСІ СЁНЬНЯ ГЛЯДЗЕЎ ЦЭЛЫ СЬВЕТ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Беларусь у гэтым сэнсе сёньня канкуравала з гарачымі кропкамі плянэты – Блізкім Усходам і Македоніяй, мяняючыся зь імі месцамі і нават выходзячы на першае. Рэпартажы рэгулярна абнаўляліся. Гледачы ва ўсім сьвеце пабачылі, як галасуюць Лукашэнка і Ганчарык. У адзін з рэпартажаў быў уключаны фрагмэнт учорашняй прэсавай канфэрэнцыі Ганчарыка, дзе ён адзначыў, што Лукашэнка гатовы сфальшаваць вынікі выбараў.

А 9-й раніцы па менскім часе было паказанае пяціхвіліннае адмысловае інтэрв"ю Лукашэнкі карэспандэнту СНН. Перад ім прадэманстраваныя відэакадры, як галасуюць вайскоўцы ў камуфляжнай форме. Камэра засяродзіла ўвагу на кабінах для галасаваньня -- чырвонага колеру, убраныя зялёнымі гірляндамі штучных кветак.

Мне падалося, што Лукашэнка падчас інтэрвію выглядаў напружаным, фразы, якімі ён адказваў на пытаньні, былі завучаныя. І пра сваю перамогу на выбарах, і пра справядлівасьць і сумленнасьць выбараў у Беларусі, і пра сваё стаўленьне да заяваў ЗША ў справе зьніклых людзей і дэмакратычнасьці выбарчага працэсу. Зрэшты, усе адказы Лукашэнкі добра вядомыя беларусам. Асаблівае месца ў інтэрвію заняло пытаньне пра зьніклых апазыцыйных палітыкаў. Лукашэнка адказаў, што гэта справа следчых ворганаў, а ён, прэзыдэнт, ня мае права ўмешвацца ў хаду сьледства. Тады журналіст запытаўся: “А ваша вэрсыя?” Лукашэнка зноў, у каторы раз за апошнія дні, пачаў казаць, што ён не Мілошавіч. І, што мы ўжо ня раз чулі, пытаньнем адказваў на пытаньне: “Хіба можаце вы паверыць, што прэзыдэнт аддае загады кагосьці забіваць?!”

Гэтае выказваньне Лукашэнкі прагучала і яшчэ ў адным, адмысловым, рэпартажы ў эўрапейскім выпуску CNN. А ў стык CNN паказала жонку зьніклага Віктара Ганчара, якая заявіла ў камэру: “Я ўпэўненая, што Лукашэнка ведае, дзе мой муж.” У гэтым рэпартажы ўсясьветны глядач пабачыў фрагмэнт выступу Лукашэнкі ў Палацы Рэспублікі і сядзячую акцыю пратэсту менчукаў ля гэтага Палацу, затрыманьні людзьмі ў цывільным іншадумцаў, і ўсьмешлівага Лукашэнку, які садзіцца ў шыкоўны лімузін. А затым CNN паказала скандальныя відэакадры з удзелам двух сапрацоўнікаў КГБ, якія сьведчаць пра зьніклых палітыкаў і раскопкі ў пошуках целаў зьніклых каля Бягомля. Са сьціплага камэнтару журналіста мільёны тэлегледачоў даведаліся і пра асноўныя вехі біяграфіі Лукашэнкі, перадусім пра ягонае калгаснае мінулае, і пра справу зьніклых, і пра перадвыбарчую кампанію, якая ад самага пачатку адзначаная шматлікімі парушэньнямі, якія ставяць пад сумнеў свабоднасьць і сумленнасьць выбараў.


XS
SM
MD
LG