Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

17:20 СТАРШЫНЯ ВІЦЕБСКАЙ АБЛАСНОЙ ВЫБАРЧАЙ КАМІСІІ НЕ НАЗВАЎ СЁНЬНЯ ЛІЧБУ ВЫБАРЧЫХ БЮЛЕТЭНЯЎ, ДАСТАЎЛЕНЫХ ЗЬ МЕНСКУ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Сёньня ў Віцебскім аблвыканкаме адбыліся некалькі прэсавых канфэрэнцыяў. Але трапіць на гэтыя канфэрэнцыі змаглі толькі асобныя журналісты, загадзя занесеныя ў адмысловы сьпіс, у якім пераважаюць супрацоўнікі дзяржаўных мэыяў.

Апошнім у сьпіс занесьлі журналіста тутэйшай недзяржаўнай газэты "Витебский курьер" Сяргея Кочатава. Менавіта ён сваім пытаньнем пра наяўную колькасьць выбарчых бюлетэняў у Віцебскай вобласьці і парушыў афіцыёзную атмасфэру справаздачы кіраўніка абласной выбарчай камісіі. Уладзімер Цацоха катэгарычна адмовіўся назваць гэтую лічбу.

Таксама Ўладзімер Цацоха адмовіўся камэнтаваць выснову абласное рады ў справе незалежнага назіраньня пра сьвядомае заніжэньне колькасьці выбарцаў, якія прагаласавалі датэрмінова.

У адказ на пытаньне журналістаў старшыня абласной выбарчай камісіі паведаміў дадатковыя падрабязнасьці віцебскага інцыдэнту, пра які апоўдні паведамляла Лідзія Ярмошына ў эфіры дзяржаўнага радыё.

На 12-м участку ў Першамайскім раёне Віцебску нехта з выбарцаў пакінуў свой бюлетэнь у кабіне для галасаваньня. Старшыня камісіі, заўважыўшы гэта, асабіста ўкінуў пакінуты бюлетэнь у скрыню для галасаваньня, што было засьведчана міжнародным назіральнікам.

Паводле Ўладзімера Цацохі, з гэтым выпадкам разьбіраецца зараз пракуратура, а што да працы іншых замежных назіральнікаў, то прынамсі два зь іх былі сёньня зраніцы адхіленыя ад назіраньня з-за неадпаведнасьці прадстаўленых дакумэнтаў.

Старшыня абласной выбарчай камісіі паведаміў таксама, што на 14 гадзінаў 9 верасьня ў вобласьці прагаласавалі 61,22 % выбарцаў. Незалежныя тутэйшыя назіральнікі за гэты час аніякіх значных парушэньняў на выбарчых участках у Віцебску не заўважылі.


XS
SM
MD
LG