Лінкі ўнівэрсальнага доступу

17:00 НА БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНЕ НАЗІРАЛЬНІКАЎ ВЫДАЛЯЮЦЬ З УЧАСТКАЎ ПРАЗ ПАСТАНОВЫ ВЫБАРЧЫХ КАМІСІЯЎ


Алег Супрунюк, Берасьце

На працягу ўсяго датэрмiновага галасаваньня старшыня камiсii Пётар Яцкевiч адмаўляўся абвяшчаць якiя-небудзь зьвесткі. Ён спасылаўся на тое, што Цэнтарвыбаркам не патрабуе гэтых зьвестак. Такiм чынам, па афiцыйнай вэрсii ў Берасьцейскай вобласьцi агулам прагаласавалі датэрмiнова крыху больш за 141 тысячу чалавек (што складае 13,5% выбарцаў, уключаных у сьпiс).

Незалежныя назiральнiкi cьцьвярджаюць, што гэтая лiчба занiжаная, але пераправерыць яе вельмi складана. Пасьля першых дзён датэрмiновага галасаваньня ўчастковыя камiсii раптам адмовiлiся знаёмiць назiральнiкаў са сьпiсамi выбарцаў.

Аб тым, што больш за палову выбарцаў Берасьцейшчыны ўжо прынялi ўдзел у прэзыдэнцкiх выбарах, было абвешчана сёньня пасьля 14 гадзiнаў. Адзiны горад, якi на той час не дасягнуў запаветнай рысы, быў Кобрын — тут прагаласавала каля 47% грамадзян, што ўключаныя ў сьпiс.

Яшчэ з ранiцы 9 верасьня ад назiральнiкаў пачалi паступаць паведамленьнi пра парушэньнi выбарчага заканадаўства. Так, на некаторых участках абласнога цэнтру былi заўважаныя кiраўнiкi берасьцейскай мiлiцыi, якiя цiкавiлiся хадой галасаваньня.

Таксама ў дзень выбараў на ўчастках можна было ўбачыць агiтацыйныя ды iншыя матэрыялы ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкi. Прычым некаторыя з гэтых матэрыялаў налеплiвалi сёньня ранiцай на вачах самiх назiральнiкаў.

Найбольш iстотнае на гэты час парушэньне было зафiксаванае расейскiм журналiстам Iскандэрам Гайнулiным, якi прадстаўляе Лiбэральны iнфармацыйны цэнтар. На ўчастку нумар 75 у Маскоўскiм раёне Берасьця ён заўважыў, што была адкрытая скрыня для датэрмiновага галасаваньня. Журналiст адразу паведамiў пра гэта незалежным назiральнiкам.

Дарэчы, яшчэ ў першай палове дня ўчастковыя камiсii прынялi некалькi рашэньняў пра выдаленьне назiральнiкаў з участкаў у абласным цэнтры, Пружанскiм, Жабiнкоўскiм й Лунiнецкiм раёнах. Напрыклад, на ўчастку №8 у Ленiнскiм раёне Берасьця старшыня камiсii Аляксей Сьнiтко тлумачыў свае дзеяньнi тым, што назiральнiк ад праваабарончага цэнтру "Вясна" Марына Тарашкевiч перашкаджала яму працаваць i зьвяртала ўвагу, што ў кабiнах для галасаваньня заходзiлi па некалькi асобаў.

Назiральнiкi таксама фiксуюць шмат выпадкаў, калi выбарцы не знаходзiлi cябе ў сьпiсах для галасаваньня.


XS
SM
MD
LG