Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16:45 ЯК НА СПРАВЕ ВЫГЛЯДАЕ “РЭЖЫМ УЗМАЦНЕНЬНЯ?”


Любоў Лунёва, Менск

За тры дні да выбараў прэзыдэнта вакол Менску дадаткова разьмясьцілі тры часткі ўнутраных войскаў, якія перадысьлякавалі з Гомеля, Віцебску і Мар'інай Горкі. Мясцовыя жыхары распавядаюць, што было жудасна глядзець, як ноччу па шашы на Менск калёнай на 40 кілямэтраў ішлі бронетранспарцёры з вайскоўцамі.

З учорашняга дня пачаў дзейнічаць так званы "рэжым узмацненьня". Праз кожныя 50 мэтраў на вуліцах сустракаліся міліцэйскія патрулі. Амонаўцы дэманстратыўна хадзілі па праспэкце Францішка Скарыны групамі.

Увечары ўвогуле перакрылі праезд па праспэкту. Уладальнікі аўтамабіляў пыталіся ў аўтаінспэктараў — у чым справа, але таксама безвынікова.

Замежныя журналісты спрабавалі высьветліць у супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных справаў, чым выкліканае гэткае становішча на вуліцах, але не атрымлівалі пэўных адказаў. Паводле неправераных крыніцаў, сёньня міліцэйскае кіраўніцтва атрымала загад, каб на менскіх вуліцах назіральнікі й журналісты ня ўбачылі ніводнага міліцыянта.

Але ў другой палове дня ў дварах дамоў, што блізка ля Кастрычніцкай плошчы, разьмесьціліся машыны і аўтобусы з салдатамі і амонаўцамі. Па пэрымэтру самой плошчы прагульваюцца супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, а на рагу праспэкта Францішка Скарыны і вуліцы Леніна паўсталі амонаўскія патрулі.

Пад'езды да Менску патрулююць супрацоўнікі дзяржаўтаінспэкцыі разам зь міліцыянтамі. Машыны зь няменскімі нумарамі яны не прапускаюць. Людзі абураюцца, але вымушаныя падпарадкавацца.

На чыгуначным вакзале і аўтавакзале сталіцы таксама міліцыянты. Яны цікавяцца толькі маладымі пасажырамі. Іх на выхадзе спыняюць, цікавяцца мэтай прыезду і правяраюць дакумэнты. Некалькім юнакам з Баранавачаў міліцыянты прапанавалі выбіраць — ці самім вяртацца туды, адкуль прыехалі, ці некалькі гадзінаў адсядзець у дзяжурнай частцы.

XS
SM
MD
LG