Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

14:30 СЯРГЕЙ ГАЙДУКЕВІЧ НЕ СУМНЯЕЦЦА, ШТО ПЕРАМОЖА НА ВЫБАРАХ


Ігар Карней, Менск

Сталічны мікрараён Сухарава ўзьнік на мапе Менску цягам апошніх пяці год. Пераважная большасьць насельнікаў — маладыя людзі, якія ня мелі ніякай магчымасьці атрымаць жыльлё бясплатна і вымушаныя былі будавацца за ўласныя грошы, гэта й абумовіла высокую актыўнасьць на ўсіх 12 раённых участках. Большасьць апытаных не хавалі, што галасавалі прынамсі НЕ за Лукашэнку. Моладзь сыходзіцца ў меркаваньні, што дэмакратыя й дыктатура несумяшчальныя.

(Маладая маці з малым дзіцем: ) "Ну, скажы дзядзьку, за каго ты галасавала? Яна ведае ў нас пакуль толькі Лукашэнку. Але я адно кажу: за лепшае жыцьцё трэба галасаваць, а не за Лукашэнку".

Найбольш людна на ўчастку для галасаваньня №26. Яшчэ з раніцы пранеслася чутка, што тут павінен зьявіцца адзін з трох кандыдатаў у прэзыдэнты — Сяргей Гайдукевіч. Людзі доўга не разыходзяцца, каб пабачыць эпатажнага лібэрал-дэмакрата. Праўда, сам Гайдукевіч на ўчастак не сьпяшаўся і зьявіўся разам з жонкай у атачэньні ўзмоцненай аховы толькі апоўдні.

(Голас з натоўпу: ) "Упэўнены, што большасьць народу Рэспублікі Беларусь прагаласуе за вас!"

(Гайдукевіч: ) "Дзякуй. Гэта так. Бо наша партыя нікога й нічога не баіцца. Таму што гэта найбуйнейшая партыя ў краіне. Працэс пайшоў, і мусіць быць новая незалежная дзяржава з дэмакратычнымі разуменьнямі".

(Карэспандэнт: ) "На колькі адсоткаў вы разьлічваеце?"

(Гайдукевіч: ) "Я разьлічавю на галасы выбарцаў тых, якія сёньня прыйдуць. Я веру, што я буду прэзыдэнтам гэтай дзяржавы. 9-га, 10-га верасьня — гэта ўжо ня так важна".

(Карэспандэнт: ) "Ваш расейскі калега Ўладзімер Жырыноўскі казаў, што..."

(Гайдукевіч: ) "Гэта ня мой калега. Хто калега ў Жырыноўскага, я ня ведаю. У яго іншыя калегі. Напэўна, яны знаходзяцца ў Паўночнай Карэі. Там пытайцеся".

(Карэспандэнт: ) "За каго вы прагаласавалі?"

(Гайдукевіч: ) "За новую квітнеючую Беларусь, за дабрабыт у доме і парадак у краіне. Вось за каго я прагаласаваў. А не пэрсанальна...

Спадзяемся на другі тур. Наогул, устрымаўся б ад камэнтароў. Зараз мы едзем у штаб, у нас будуць свае зьвесткі. Але вынікі выбараў насамрэч для нас зразумелыя. Мы кантралюем зараз 3,5 тысячы сяброў участковых камісіяў — а гэта траціна выбарчых участкаў.

Паверце, што ўсе нашыя зьвесткі атрымаюць усе эўрапейскія назіральнікі ў першую чаргу, у тым ліку і БДіПЧ АБСЭ. Інфармацыя бесьперапынна будзе ісьці з нашага штабу".

Калі Гайдукевіч ад'ехаў, на ганку школы разгарэлася гарачая спрэчка паміж некалькімі выбарцамі. Скончылася тым, што прыхільнікі розных кандыдатаў схапілі адзін аднаго за каўнер. Пад канец сутычкі зьявілася каманда Беларускага тэлебачаньня, якую паслалі асьвятляць, як галасаваў Сяргей Гайдукевіч. Але тут іх чакала расчараваньне: каманда беларускага лібэрал-дэмакрата зьехала задоўга да прыбыцьця карэспандэнтаў БТ.

XS
SM
MD
LG