Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ВЭРТЫКАЛЬ МЕНШЧЫНЫ РАПЧАЧАЛА НЕПРЫХАВАНАЕ ЎМЯШАЛЬНІЦТВА Ў ВЫБАРЧЫ ПРАЦЭС


Алесь Мікалайчанка, Менская вобласьць

Ужо раніцай Салігорск нагадваў горад, які перайшоў на ваеннае становішча. Цэнтральныя вуліцы, плошчы, вакзалы, рэчавыя рынкі ды жылыя мікрараёны запаланілі сотні міліцыянтаў. Яны былі арганізаваныя ў пешыя ды аўтапатрулі.

На загад начальства ўвесь асабовы склад міліцэйскага ўпраўленьня пачаў ганяцца за падлеткамі. Спынялі дзяцей, якія пры сабе мелі сумкі ці поліэтыленавыя пакеты. Потым наладжвалі вобшук. Тых хлапчукоў і дзяўчынак, у каго знаходзілі газэты, плякаты ці налепкі антылукашэнкаўскага зьместу, завозілі ў пастарунак, каб узяць у іх пісьмовае тлумачэньне.

Як паведаміў старшыня філіі Беларускага Гельсынскага камітэту Леанід Мархотка, агулам затрымалі каля 100 дзяцей. Дарэчы, ён сам пасьпеў ужо вызваліць з пастарунку 10-гадовага Ваню Шылу, якога арыштавалі падчас расклейваньня налепак.

Салігорскія слухачы Радыё Свабода паведамілі мне, што вось ужо трэці дзень запар з экрану тэлевізараў старшыня гарвыканкаму Ганна Ваўрукевіч, ейная намесьніца Галіна Пятрашка, старшыня гарсавету Таісія Данілевіч заклікаюць выбарцаў галасаваць толькі за Аляксандра Лукашэнку.

Сёньня а 18-й гадзіне тут пачалася прэм'ера тэлефільму пра візыт у Салігорск Уладзімера Ганчарыка. Стужку з нападкамі на кандыдата ў стылі небезьвядомага Азаронка на замову гарвыканкаму апэратыўна зрабіла рэдактарка афіцыйнай газэты "Салігорскі веснік" Натальля Паўлюс.

Сёньня ж сябар БГК з Маладэчна Андрэй Хвосьцік паведаміў нашаму радыё, што на ўсіх участках гораду зьявіліся новыя скрыні для датэрміновага галасаваньня. Іхныя донцы прымацаваныя да сьценак невялічкімі шрубамі, якія лёгка выкруціць.

А ў Барысаве назіральніца Гельсынскага камітэту пры раённай выбарчай камісіі Тамара Кот сваім актам засьведчыла, што сёньня ёй чальцы камісіі паведамілі пра паступленьне зь Менску на вясковыя ўчасткі галасаваньня некалькіх тысяч дадатковых бюлетэняў — з разьліку 10% ад усёй колькасьці выбарцаў па Барысаўскім рэгіёне.


XS
SM
MD
LG