Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯРМОШЫНА ЗАЯВІЛА, ШТО "Ў ПАНЯДЗЕЛАК ВЫБАРЫ СКОНЧАЦЦА"


Юры Сьвірко, Менск

Яшчэ ЦВК дазволіла выдаваць бюлетэні для галасаваньня на падставе ня толькі пашпарту, але й любога пасьведчаньня з фотакарткай і пячаткай.

На дзённым паседжаньні Цэнтарвыбаркам увогуле адмовіўся разглядаць скаргі Валянціны Палевіковай і Міхаіла Пастухова, давераных асобаў Ўладзімера Ганчарыка, на грубыя парушэньні закону з боку Аляксандра Лукашэнкі. Яны патрабавалі скасаваць рэгістрацыю кандыдата Лукашэнкі – на падставе ягоных заяваў, што спадар Ганчарык, маўляў, ня можа быць прэзыдэнтам, бо не служыў у арміі, а таксама з прычыны парушэньня роўных умоваў агітацыі.

Цэнтарвыбаркам адказвае на гэта адным: вядзецца праверка бясплатнага распаўсюду газэты "Советская Белоруссія", і праверка скончыцца цягам 10 дзён – то бок пасьля выбараў.

Але, атрымаўшы толькі ўчора дакумэнты з пракуратуры й Міністэрства юстыцыі, ужо сёньня Цэнтральная камісія аднагалосна скасавала іншую рэгістрацыю – усіх назіральнікаў ад праваабарончага цэнтру "Вясна", чые пратаколы былі прызнаныя сумнеўнымі.

Паводле кіраўніка "Вясны" Алеся Бяляцкага, на падставе некалькіх незразумелых выпадкаў у правінцыі скасаваная акрэдытацыя каля дзьвюх тысячаў назіральнікаў. У "Вясны" засталася толькі значна меншая колькасьць акрэдытаваных назіральнікаў, перадусім у Берасьцейскай вобласьці. Але Цэнтарвыбаркам заявіў, што ня мае прэтэнзіяў да Беларускага Гэльсынскага камітэту, які вылучыў каля 1500 назіральнікаў, і клюбу выбарцаў на чале з Уладзімерам Гудзеевым.

Увечары камісія разглядала справы яшчэ дзьвюх арганізацыяў, што вылучылі назіральнікаў. Лідэр Свабоднага прафсаюзу Беларускага Генадзь Быкаў прынёс на паседжаньне ЦВК пратаколы й сьпісы на 736 назіральнікаў, і пытаньняў да яго з боку камісіі больш не было.

А фонд імя Льва Сапегі прадстаўляў Андрэй Завадзкі, які ня меў усіх дакумэнтаў пра назіральнікаў, бо сёньня выходны дзень, таму ён папрасіў Цэнтарвыбаркам пачакаць да панядзелка.

Старшыня камісіі Лідзія Ярмошына адрэагавала гэтак:
"А што будзе ў панядзелак? Выбары скончацца". Прыстутныя былі спачатку шакаваныя такой шчырасьцю, а потым нагадалі спадарыні Ярмошынай, што ёсьць мажлівасьць другога туру. На гэта яна ніяк не адрэагавала.

Але Андрэй Завадзкі пасьпеў распавесьці пра фальсыфікацыю на ўчастку для галасаваньня № 26 Савецкага раёну Менску, дзе была пераплямбаваная урна. "А як вы вызначылі, што ня тая сургучная пячатка?" – запыталася Лідзія Ярмошына.

Цэнтарвыбаркам даў фонду Сапегі тэрмін да абеду нядзелі прадставіць дакумэнты пра вылучэньне назіральнікаў. Калі гэтага не адбудзецца, іхную акрэдытацыю скасуюць, як гэта зрабілі сёньня раней з праваабарончым цэнтрам "Вясна".

Я папрасіў старшыню Цэнтарвыбаркаму Беларусі Лідзію Ярмошыну пракамэнтаваць прызначаны на 21 гадзіну суботы тэлерадыёвыступ Аляксандра Лукашэнкі.

(Ярмошына: ) "Ну калі ён і будзе – напэўна ж, ён будзе зьвяртацца як прэзыдэнт, як чалавек, адказны за выбары, а ня як кандыдат".

(Карэспандэнт: ) "Але ж за дзень да галасаваньня".

(Ярмошына: ) "Сёньня яшчэ можна агітаваць".

(Карэспандэнт: ) "Іншыя ж ня могуць..."

(Ярмошына: ) "Ну астатнія ж ня дзейныя прэзыдэнты. Будуць – выступяць".

Удзень Цэнтарвыбаркам таксама разгледзеў іншае пытаньне, якое выклікала зьдзіўленьне ў многіх прысутных назіральнікаў.

Паводле артыкулу 52 Выбарчага кодэксу, бюлетэнь для галасаваньня выдаецца выбаршчыку, цытую, "пасьля прад'яўленьня пашпарту або пасьведчаньня асобы, якое яго замяняе".

Сёньня Цэнтарвыбаркам даў афіцыйнае тлумачэньне, што бюлетэнь можна выдаваць на падставе любога пасьведчаньня, а ня толькі таго, што замяняе пашпарт. Гэткім чынам, усе, нават замежныя грамадзяне, якіх часта ўносяць у сьпісы выбарцаў, змогуць прагаласаваць на выбарах прэзыдэнта – трэба толькі паказаць любое пасьведчаньне з фота й пячаткай.

Гэтае рашэньне ЦВК пракамэнтаваў прысутны на паседжаньні назіральнік ад Беларускага Гэльсынскага камітэту Алег Гулак.

(Гулак: ) "Гэта не прававое рашэньне — груба парушае і Канстытуцыю, і Выбарчы кодэкс, і рашэньні Вярхоўнага Суду, якія былі прынятыя на парлямэнцкіх выбарах.

Будуць магчымасьці для фальсыфікацыяў. Па-першае, няма зараз ніякай забароны галасаваць неграмадзянам. Гэта аддаецца толькі на сумленьне чалавеку — хоча ён ці ня хоча. Чалавек можа ня ведаць нават, што ён не грамадзянін і ня можа галасаваць. Ён, атрымаўшы запрашэньне, пойдзе й прагаласуе. Аднак гэта найгрубейшае парушэньне Канстытуцыі.

Тое, што робіцца сёньня, дае падставы падазраваць, што гэта будзе выкарыстоўвацца для фальсыфікацыяў. Зьнялі вялікую частку, вялікую колькасьць назіральнікаў з участкаў. Па-другое, пусьцяць зараз вал людзей, якія будуць паказаваць ледзь не туалетную паперу".

А вось меркаваньне Лідзіі Ярмошынай.

(Ярмошына: ) "Разумееце, ў вёсцы й так усім зразумела, што бабка Матрона – грамадзянка Рэспублікі Беларусь”.

(Карэспандэнт: ) "А ў гарадах?"

(Ярмошына: ) "Вядома, у лякарнях можа праскочыць і грамадзянін Расейскае Фэдэрацыі. У любым выпадку, гэта будзе нязначна. Што да гарадоў, гэта хутчэй за ўсё, калі й будзе прымяняцца, дык толькі ў студэнцкіх інтэрантах, дзе таксама, зноў жа, агульнавядома, што гэта грамадзяне Рэспублікі Беларусь".

Лідзія Ярмошына прызнала, што Выбарчаму кодэксу сёньняшняе рашэньне наконт пашпартоў не адпавядае. Вось як яна адказала на пытанье, чаму такого тлумачэньня Цэнтарвыбаркам не зрабіў раней:

(Ярмошына: ) "А таму што мы лічылі, усё ж такі строга выконвалі закон. Хаця ў мяне была прапанова, але сябры Цэнтральнае камісіі ўсё ж такі лічылі, што ня трэба гэтага рабіць – ісьці на такое паслабленьне. Але, калі ў нас ужо тыдзень не астываюць усе тэлефоны, і звоняць гэтыя грамадзяне й патрабуюць магчымасьці прагаласаваць, мы былі вымушаныя – спачатку мы давалі вусна, што – тыпу там – не лютуйце. Але потым мы зразумелі, што камісіі дзейнічаюць неадназначна, і мы вымушаныя былі гэта ўзяць на сябе".

XS
SM
MD
LG