Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА АДНЫМ З УЧАСТКАЎ МЕНСКУ ЗАФІКСАВАНАЯ ЗАМЕНА ПЯЧАТКІ НА СКРЫНІ ЗЬ БЮЛЕТЭНЯМІ


Любоў Лунёва, Менск

Андрэй Завадзкі, назіральнік ад фонда імя Льва Сапегі на 26-м выбарчым участку, паведаміў журналістам, што сёньня раніцай заўважыў, што пячатку на скрыні для датэрміновага галасаваньня нехта замяніў.

(Завадзкі: ) "Гэтае адрозьненьне ў тым, што на баках драўлянай дошкі нацёкі сургуча, якіх раней не было, сама пячатка значна танчэйшая за ранейшую, і адбітак пячаткі больш выразны. Мы з калегам Антонам Маркіным падлічылі, што на датэрміновае галасаваньне прыйшлі больш за 700 чалавек — гэта 30% ад усіх выбарцаў на гэтым участку.

Мы мяркуем, што скрыню адкрывалі. Хутчэй за ўсё тыя бюлетэні, якія не задаволілі альбо адміністрацыю Савецкага раёну, альбо нейкія іншыя інстанцыі замянілі на "правільныя". Потым гэта можна будзе праверыць падчас падліку галасоў. Трэба будзе параўнаць вынікі галасаваньня са скрыні для датэрміновага галасаваньня з асноўнай. Калі яны будуць моцна адрозьнівацца, можна будзе казаць з упэўненасьцю пра фальсыфікацыю".

На пытаньне: "Хто мог зламаць пячатку?", спадар Завадзкі адказаў:

(Завадзкі: ) "Я не магу падазраваць сяброў камісіі. У мяне зь імі нармальныя адносіны. Ніякіх іншых парушэньняў я ня бачыў. Але трэба адзначыць, што калі мы сыходзім, памяшканьне не апячатваюць звонку. У пакоі са скрыняй застаецца супрацоўнік міліцыі. Так што, туды маглі трапіць нейкія іншыя асобы з розных установаў. Тое ж міліцэйскае кіраўніцтва, напрыклад. Я напісаў акт і заяву ў тэрытарыяльную выбарчую камісію, у Цэнтарвыбаркам і ў пракуратуру".

Калі камэндантка інтэрнату, у памяшканьні якога знаходзіцца выбарчы ўчастак, убачыла журналістаў, яна выбегла да іх і пачала лаяцца.

(Камэндантка: ) "Я казала, каб усе прагаласавалі датэрмінова. А што? Усе людзі павінны галасаваць. Сёньня тут амаль нікога няма. Усе паехалі па сваіх вёсках. І ўсё роўна 120 чалавек не прыйшлі".

Пачуўшы пытаньне журналістаў "Адкуль вы ведаеце дакладную лічбу?", камэндантка спачатку разгубілася, а потым паведаміла, што лічбу назвала выпадковую, для прыкладу.


XS
SM
MD
LG