Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК НАКІРАВАЎ У АБСЭ ПЭТЫЦЫЮ Ў СПРАВЕ ВЫБАРАЎ


Мікола Іваноў, Прага

“Факты сьведчаць, – чытаем у пэтыцыі ў АБСЭ лідэра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянона Пазьняка, – пра сыстэматычнае парушэньне рэжымам дзейснага заканадаўства і міжнародных дэмакратычных нормаў. Рэжым Лукашэнкі ператварыў выбары ў выбарчае шоў. Вынікі такіх выбараў ня могуць быць прызнаныя беларускім грамадзтвам і міжнароднай супольнасьцю”.

А вось, як сам Зянон Пазьняк па тэлефоне з Варшавы пракамэнтаваў гэтую пэтыцыю:

(Пазьняк: ) “Мы вельмі непакоімся, што можа быць першы варыянт. Гэта значыць, што Эўропа прызнае выбары і прызнае іх справядлівымі, нягледзячы на ўсе парушэньні, якія назіраюцца зараз і якія безумоўна падрыхтаваныя на заўтра. Таму мы палічылі неабходным зрабіць пікет, суміраваць парушэньні ў агульным кшталце і выказаць сваё партыйнае меркаваньне да АБСЭ”.

Мы папарасілі таксама Зянона Пазьняка сказаць некалькі словаў пра пазыцыю Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ у справе заўтрашняга галасаваньня, а таксама адказаць на пытаньне: за каго б галасаваў сам Зянон Пазьняк, калі б у яго была такая магчымасьць.

(Пазьняк: ) “Лукашэнка адкрыта ідзе на парушэньне, і адкрыта ідзе на дыктатуру, і адкрыта ідзе на псаваньне адносінаў з Захадам. Ён заявіў, што для яго ня важна: прызнаюць выбары ці не. Ён зробіць па-свойму. Мы запрашаем усіх людзей на выбары 9-га ў нядзелю і запрашаем выкрэсліць усіх кандыдатаў. Таму што беларусам выбіраць няма каго. Паміж сабой змагаюцца дзьве намэнклятурныя групы, арыентаваныя на Маскву. Наша пазыцыя: выкрэсьліваць усіх, спадзеючыся на тое, што будуць паўторныя выбары. Гэта адзіны рэальны выхад. Пры паўторных выбарах канчаецца тэрмін прэзыдэнцтва Лукашэнкі, ён ужо не прэзыдэнт, сытуацыя зусім іншая. Могуць быць і будуць іншыя беларускія кандыдаты, і гэта шлях да перамогі Беларусі. Іншая справа, што часу ўжо не засталося і сілы мала. Але змаганьне не канчаецца гэтымі выбарамі. Што датычыць маёй асабістай пазыцыі, тут мне галасаваць няма дзе. Я не зьбіраюся ісьці ў пасольства, таму, што я не давяраю гэтым людзям”.


XS
SM
MD
LG