Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У МАЗЫРЫ НА ВІТРЫНАХ КРАМАЎ ЗЬЯВІЛІСЯ КАРЫКАТУРЫ НА ЎЛАДЗІМЕРА ГАНЧАРЫКА


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Няма таксама й рэакцыі камісіі і рэктарату мясцовага пэдінстытуту на тое, што лекцыі апошнім часам пераўтварыліся ў агітацыйную кампанію за Лукашэнку. Як распавядаюць студэнты, асаблівым спрытам у справе агітацыі за Лукашэнку на сваіх лекцыях "Прафіляктыка СНІДу і наркаманіі" вызначаецца выкладчык Леў Мікалаеў. Прарэктар навучальнай работы пэдінстытуту спадар Болбас кажа, што скаргаў з гэтай нагоды ад студэнтаў у рэктарат не паступала.

Няма рэакцыі гарадзкой выбарчай камісіі, праваахоўчых органаў і на зьяўленьне ў людных месцах Мазыра карыкатураў на Ўладзімера Ганчарыка. У прыватнасьці, на вітрыне крамы "Вэтэран" адзіны кандыдат выглядае гэткім буржуем — відаць, каб патлумачыць пэнсіянэрам, што ў бедным асартымэнце харчоў вінаватыя ня ўлады, а дэмакратычны кандыдат.

Актывісты дэмакратычных суполак лічаць, што карыкатуры — справа рук мясцовых "бэпэсээмаўцаў", якім загадалі на пэрыяд выбараў "быць актыўнымі". Яны ж перапісваюць фарбай на свой лад і графіці. Міліцыянты Лукашэнкавых патрыётаў не чапаюць.

У міліцыі зараз наогул напружаны час. Шмат гомельскіх міліцыянтаў да выбараў накіравалі ў сталіцу. Туды, прынамсі, адправілі разам з камандзірам палкоўнікам Стэльмашком службоўцаў унутраных войскаў часткі №5525, раскватараванай у абласным цэнтры.

У Рэчыцы дэмакратычная моладзь пікетавала аддзел міліцыі і пракуратуру. Маладыя людзі на знак пратэсту стаялі, заклаўшы рукі за галаву. Міліцыя тут учыняла ператрусы на кватэрах актывістаў, што распаўсюджвалі агітацыйныя матэрыялы ў падтрымку адзінага кандыдата, а пракуратура распачала крымінальную справу супраць сяброўкі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Натальлі Брэль нібыта за паклёп на прэзыдэнта. Спадарыня Брэль ужо трэція суткі знаходзіцца за кратамі.

Дазнаўца ў справе Натальлі Брэль Юры Дзям'янчык (дарэчы, сын намесьніка пракурора Аляксея Дзям'янчыка) выскачыў на вуліцу, выхапіў у рэчычанкі Сьвятланы фотаапарат і засьвяціў фотастужку. Сьвятлана фатаграфавала ля пракуратуры пікет моладзі.


XS
SM
MD
LG