Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У НАВАГРАДКУ МІЛІЦЫЯ АБВІНАВАЧВАЕ БГК У ТРЫМАНЬНІ ПРЫТОНУ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

У Наваградку ажыцьцяўляе каардынацыю незалежнага назіраньня прадстаўніцтва Беларускага Гельсынскага камітэту. Каля кватэры, дзе знаходзіцца офіс прадстаўніцтва, стала дзяжураць міліцыянты. Участковы заявіў супрацоўнікам БГК, што ў іх нібыта знаходзіцца прытон. А тэлефонная станцыя зьнянацку зьмяніла нумар тэлефона прадстаўніцтва.

На выбарчыя ўчасткі зьяўляецца сам старшыня выканкама Ліс, намесьнік пракурора Зьмітрэвіч, іншыя чыноўнікі, якія распытваюць у назіральнікаў, хто і як іх накіраваў. Нярэдка запалохваюць. У Любчы назіральніка абвінавацілі, быццам бы ён агітаваў за Ганчарыка. Справу перадалі ў суд. Прадстаўніца Гельсынскага камітэту Валянціна Савасьцюк называе іншыя факты:

(Савасьцюк: ) "І яшчэ вёска Ўсялюб. Маюцца такія парушэньні: мала што бяз пашпартаў прыходзіць хтосьці галасаваць, але яшчэ й выносіць бюлетэні камісія, выяжджаюць дзесьці на фэрму або яшчэ некуды, даюць — там прагаласуюць. Ім гавораць, каго выкрэсьліваць.

Нам ужо паведамілі, што ў нядзелю будуць выяжджаць на вёску па тры машыны. Нашых людзей адразу сказалі, што ня возьмуць. І будуць ісьці паралельна па вуліцы. Адзін чалавек з адной скрынкай, другі — з другой. Яны раней так заўжды рабілі".

У Сьвіслацкім раёне назіральнікам адмаўляюцца даваць любыя зьвесткі. Сытуацыя пагоршылася пасьля таго, як у райвыканкаме зьбіралі кіраўнікоў выбарчых камісіяў. Кіраўнік камунальнай службы Канстанцін Барэль папярэдзіў сваю падначаленую Алу Навашынскую, каб яна адмовілася ад незалежнага назіраньня, хаця ён сам зьяўляецца назіральнікам.

У Зэльве таксама ніякіх зьвестак незалежным назіральнікам не даюць. У Астравецкім раёне вяскоўцаў дастаўляюць галасаваць аўтобусамі.

У Горадні адхілілі ад назіраньня незалежнага назіральніка Міколу Ворана. Ён зрабіў некалькі заўваг старшыні камісіі Людміле Пашко. Яна — дырэктарка 22-й школы, дзе месьціцца выбарчы ўчастак. Міліцыянт, які дзяжурыць на ўчастку, прынес тэлевізар і гучна яго ўключыў. Мікола Воран зрабіў чарговую заўвагу. Потым паступіў ананімны званок. Ананім паведаміў, што спадар Воран нібыта агітуе супраць Лукашэнкі. Гэтага аказалася дастаткова, каб скласьці пратакол і выгнаць назіральніка з участка. Дарэчы, апроч трох аднолькавых кандыдацкіх партрэтаў, там вывесілі яшчэ вялікі партрэт Аляксандра Лукашэнкі.
XS
SM
MD
LG