Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА МЕНШЧЫНЕ ПАТРАБУЮЦЬ, КАБ ШТОДНЯ ДАТЭРМІНОВА ГАЛАСАВАЛА 8% ВЫБАРШЧЫКАЎ


Алесь Мікалайчанка, Менская вобласьць

Як стала вядома з крыніцы, блізкай да кіраўніцтва Барысаўскага гарвыканкаму, тут на кожным з трох участкаў галасаваньня сёньня зьявіліся ад 200 да 800 нідзе ня ўлічаных дадатковых бюлетэняў.

Дарэчы, учора позна ўвечары ў гарадскім Палацы культуры Барысава давераная асоба кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Ганчарыка Валянціна Палевікова правяла сустрэчу зь мясцовымі выбаршчыкамі.Яна публічна заявіла, што 5 верасьня старшыня Менскага аблвыканкаму Мікалай Дамашкевіч правёў сакрэтную нараду з намесьнікамі кіраўнікоў раённых і гарадскіх вэртыкаляў. Ён, паводле Валянціны Палевіковай, паставіў перад падначаленымі мэту — сфальсыфікаваць вынікі датэрміновага галасаваньня ў сваіх рэгіёнах.

Дзеля гэтага ў скрыні для галасаваньня плянуецца ўкінуць 560 тысячаў бюлетэняў. Таму трэба, каб штодня да 9 верасьня галасавала 8% ад ліку ўсіх выбаршчыкаў. Ужо каторы дзень старшыня Барысаўскага гарвыканкаму Васіль Бургун са студыі тутэйшай тэлевізіі заклікае землякоў галасаваць датэрмінова. Заклік кіраўніка знаходзіць разуменьне ў падначаленых.

Так, на Барысаўскім заводзе "Батэ" цягам апошніх двух дзён адміністрацыя правяла ва ўсіх 20 цэхах сходы, на якіх таксама ўгаворвала рабочых узяць ўдзел у датэрміновым этапе прэзыдэнцкіх выбараў.

У Салігорску дырэктары тых школаў, дзе месьцяцца выбарчыя участкі, праз вучняў запрашаюць іхных бацькоў на бацькоўскія сходы, пасьля сканчэньня сходаў дарослым прапаноўваюць датэрмімновае галасаваньне. Натуральна, бацькі змушаныя галасаваць, баючыся настаўніцкага ўціску на дзяцей.

Падобны малюнак назіраецца і ў Жодзіне. А ў Барысаве дырэкцыя мясакамбіната прыгразіла пазвальняць з працы тых сваіх работнікаў, што не прагаласуюць да 9 верасьня.

Адначасова распачаўся больш актыўны міліцэйскі перасьлед прадстаўнікоў апазыцыйных арганізацыяў. Напрыклад, у Салігорску, Барысаве і Жодзіне цягам учорашняга і сёньняшняга дня міліцыянты і АМОНаўцы затрымалі або абшукалі ў агульнай колькасьці блізу 30 падлеткаў, зь ліку распаўсюднікаў апазыцыйнай прэсы і плякатаў з выявай Уладзімера Ганчарыка.
XS
SM
MD
LG