Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ПОЛАЧЧЫНЕ ВЫБАРЧЫЯ СКРЫНКІ ЎСКРЫВАЮЦЬ, КАБ ВЫСЬВЕТЛІЦЬ НАСТРОІ ЭЛЕКТАРАТУ


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

Мусім заўважыць, што інфармацыя аб магчымым ускрыцьці часткі скрыняў у ноч з 6 на 7 верасьня з мэтаю спраўджваньня настрояў электарату зьявілася яшчэ да пачатку папярэдняга галасаваньня. Меў такую інфармацыю і назіральнік Анатоль Камбаеў. І вось, завітаўшы сёньня ад ранку на ўчастак, ён уважліва агледзеў скрыню. Аб выніках такіх агледзінаў распавядзе сам назіральнік.

(Камбаеў: ) "Сёньня ад ранку, у 9 гадзін 45 хвілін, я прыйшоў на свой 23-ці ўчастак, адразу ж падышоў да выбарчай скрыні й заўважыў наступнае: кантрольная наклейка з подпісамі сяброў участковай камісіі мела зьвечару чатыры складкі, цяпер жа іх было шэсьць. Сургучная пячатка вісела на двух нацягнутых аборках, цяпер жа адна зь іх была нацягнутая, а другая была вольная. Я адразу і заявіў старшыні камісіі: скрыня ўскрывалася".

Па сьведчаньні спадара Камбаева падобных непаразуменьняў не надарылася, калі б у апячатаньні выбарчых скрыняў бралі ўдзел назіральнікі.

Дарэчы сказаць, у Наваполацку, як, зрэшты, і ў іншых мясьцінах, праца назіральнікаў на ўчастках дарэшты ўскладнілася. Старшыні выбарчых камісіяў атрымалі вусны загад: зь любой нагоды выдаляць назіральнікаў з участкаў. Калі ж такой нагоды няма, яны мусяць быць створаныя.

Так, учора, сакратарка 10-га наваполацкага ўчастку папрасіла назіральніка Сасноўскага вынесьці выбарчую скрыню ў залю галасаваньня, назіральнік вырашыў дапамагчы жанчыне і ў выніку быў выдалены з участку. На ўчастку №18 назіральнікі Балонкін і Салдаценка падышлі да стала камісіі, каб уручыць старшыні акт аб парушэньнях, і зазналі такую ж долю.
XS
SM
MD
LG