Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ТЭХНАЛЁГІІ ПРЫХАВАНАЙ ПАДТРЫМКІ РАСЕЙСКІМІ ПАЛІТЫКАМІ КАНДЫДАТА ЛУКАШЭНКІ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

“Палітычная эліта Расеі канчаткова сфармулявала для сябе, як трэба ставіцца да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі: перамога Лукашэнкі ўсё роўна загадзя вырашаная, таму застаецца толькі расслабіцца і атрымліваць задавальненьне, тым больш, што “ён, канешне, сукін сын, але ён наш сукін сын”. Так распачынае свой камэнтар да стасункаў Расеі і Беларусі на фоне прэзыдэнцкіх выбараў знаны публіцыст Максім Сакалоў у газэце “Известия”.

Максім Сакалоў выказвае сумнеў адносна выбару прыналежнага займеньніка “наш”. Ён піша: “Уяўленьне пра тое, што Аляксандар Рыгоравіч – наш, грашыць збытнай самаўпэўненасьцю. Ён выключна свой і дзеля самога сябе – у тым сэнсе, што расейскія інтарэсы маюць для яго нейкую важнасьць толькі ў той меры, у якой яны не супярэчаць ягоным уладным памкненьням. Калі ён – сем гадоў ягонага ўладараньня гэта даказалі – бліскуча ўмее вадзіць за нос расейскіх палітыкаў, гэта яшчэ недастатковая падстава лічыць яго “нашым”.

Аўтар газэты “Известия” піша, што ў Расеі “дагэтуль ніхто не паклапаціўся, каб падсумаваць вынікі сямігадовага раману з Лукашэнкам і паразрахаваць выгоды з выдаткамі. Магчыма, якраз таму, што бесстаронны падлік прымусіў бы моцна засумнявацца ў дакладнасьці слова “наш”.Разважаючы пра палітычныя канструкцыі Масквы і Лукашэнкі, Максім Сакалоў на старонках “Известий” робіць выснову адносна той пазыцыі, якую мусіла б заняць, зь ягонага гледзішча, Расея: “Трэба казаць не пра непазьбежнасьць лукашэнкавай перамогі, а пра тое – калі яна ўжо непазьбежная – каб параза апазыцыйнага кандыдата была максымальна годнаю, каб яна дазваляла прытомнай апазыцыі захоўваць неабходны пляцдарм на будучыню.”

Зусім інакш глядзяць на расейска-беларускія дачыненьні ў сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі аўтары публікацыяў у газэтах левай арыентацыі. Газэта “Правда” друкуе сёньня падрабязную справаздачу пра выступ Лукашэнкі ў Палацы Рэспублікі, акцэнтуючы перадусім ўвагу на выказваньнях Лукашэнкі супраць Захаду і прадстаўнікоў, як ён выказаўся, “пятай калёны” ў Расеі і Беларусі, што, паводле прамоўцы, “будуюць бар”еры на шляху да стварэньня адзінай дзяржавы”.

“Московскій комсомолец” надрукаваў сёньня рэцэнзію-памфлет Аляксандра Мінкіна на паказаны па расейскай тэлевізіі дакумэнтальны фільм “Адзін дзень з Прэзыдэнтам”. Рэцэнзуючы гэты фільм, жанр якога маскоўскі журналіст вызначыў як “салодкія сьліні”, аўтар указвае на тэхналёгіі прыхаванай падтрымкі расейскімі палітыкамі кандыдата Лукашэнкі. Вось адна цытата з саркастычнага артыкулу “Тэхналёгія свабоднага каханьня”:

“Фільм паказалі па расейскай тэлевізіі. Але паказалі яго ня нам, не тэлегледачам Расеі. Паказалі беларускаму электарату. Гэта – тэхналёгія. Чыстая, не зачэпішся. Хоць сьмярдзіць жахліва.

Нядзеля, вечар. 20 тысячаў даляраў мінута.

Атрымліваецца – 500 тысячаў даляраў. Гэта братэрняя Беларусь нам заплаціла? Калі так, то зь якіх сродкаў? Ці гэта наш падарунак? А навошта? Лукашэнка й так выйграе, атрымае свае 70 адсоткаў (якраз пасярэдзіне паміж нашымі 52 адсоткамі і туркмэнскімі 99 адсоткамі). Таму Пуцін і езьдзіў да яго на сьвята (хочаш альбо не, а бліжэйшымі гадамі з Лукашэнкам трэба сябраваць). Так што гэтае ганебнае кіно яшчэ і лішняе, і ад гэтага яшчэ больш ганебнае. Зрэшты, хтосьці, натуральна, зарабіў – мы іх віншуем.
Ці то нас прадалі нашыя тэхнолягі, ці то здалі ў арэнду. Пачуццьцё непрыемнае.” Так піша Аляксандар Мінкін у “Известиях” пра формы падтрымкі Расеяй кандыдата на прэзыдэнта Лукашэнку.

Газэта “Трибуна” ў артыкуле “Сьцямілі на трох адну праграму”, распавядаючы пра спосабы вядзеньня агітацыйнай кампаніі кандыдатамі на прэзыдэнта, адзначае, што “цяперашні кіраўнік дзяржавы выкарыстаў тое-сёе зь піяраўскіх напрацовак савецкіх часоў.Ва ўсіх рэспубліканскіх газэтах спачатку быў зьмешчаны здымак: кіраўнік дзяржавы трымае на руках шчасьлівую дзяўчынку, пасьля быў растыражаваны той жа сюжэт, але месца дзяўчынкі заняў усьмешлівы хлапчук. А сам Аляксандар Рыгоравіч заявіў, што калі народ хоча бачыць яго бацькам, дык ён будзе выконваць гэтую ролю.”
XS
SM
MD
LG