Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НА НЕКАТОРЫХ УЧАСТКАХ БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНЫ ПРАГАЛАСАВАЛА ЎЖО БОЛЬШ ЗА 50%


Алег Супрунюк, Берасьце

Афiцыйныя асобы ў Пружанах неахвота камэнтуюць сыход з пасады старшынi раённай выбарчай камiсii Юр'я Трацэўскага i спасылаюцца на ягоную пiсьмовую заяву. У гэтай заяве спадар Трацэўскi просiць вызвалiць яго ад абавязкаў старшынi ў сувязi з пагаршэньнем стану здароўя.

Варта адзначыць, што Юры Трацэўскi мае вялiкi досьвед працы ў раённай камiсii падчас ранейшых выбарчых кампанiяў. Да апошняга часу ён працаваў у бюджэтных установах, а цяпер ёсьць галоўным бугальтарам недзяржаўнай арганiзацыi. Назiральнiкi не выключаюць, што гэтая акалiчнасьць магла паўплываць на стаўленьне пружанскiх чыноўнiкаў да спадара Трацэўскага.

Новым старшынём камiсii абралі кiраўнiка раённага аддзелу статыстыкi Леанiда Лапыку. Цiкава, што пасьля сыходу Трацэўскага колькасьць сяброў раённай камiсii паменшала, але заява грамадзкага аб'яднаньня "Яравiт" пра ўключэньне ў ейны склад свайго прадстаўнiка Язэпа Машкалы пакуль застаецца без адказу.

Тым часам незалежныя назiральнiкi на прэзыдэнцкiх выбарах заяўляюць, што ўмовы iхнай дзейнасьцi ўсё больш ускладняюцца. Так, каардынатар грамадзянскай iнiцыятывы "Незалежнае назiраньне" ў Жабiнкоўскiм раёне Генадзь Самойленка паведамiў, што 6 верасьня мiлiцыянты не пусьцiлi яго на нараду кiраўнiкоў участковых камiсiяў, што адбывалася ў райвыканкаме.

Па словах спадара Самойленкi, на гэтай нарадзе агучылі загад не даваць назiральнiкам зьвестак пра хаду датэрмiновага галасаваньня. Падобная iнфармацыя паступае i зь iншых раёнаў Берасьцейшчыны. Старшыня абласной выбарчай камiсii Пётар Яцкевiч сёньня iзноў заявiў, што зьвесткі аб вынiках датэрмiновага галасаванья паведамiць толькi ранiцай 9 верасьня.

Мiж тым, на некаторых участках у Берасьцi, што месьцяцца ў вайсковых частках, за гэтыя днi ўжо пасьпелi прагаласаваць датэрмiнова больш за 50% выбарцаў, уключаных у агульны сьпiс. А на ўчастку №42 прагаласавалi 205 з 215-цi супрацоўнiкаў берасьцейскага асобнага батальёну мiлiцыi. Ёсьць зьвесткi, што гэты батальён 9 верасьня ў поўным складзе будзе знаходзiцца ў Менску.

XS
SM
MD
LG