Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ДЗЕЦІ ЗЬНІКЛЫХ ЗЬВЯРНУЛІСЯ ДА МАЛАДЫХ ГРАМАДЗЯНАЎ БЕЛАРУСІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

"Нашыя бацькі — вядомыя ў Беларусі людзі. Яны не заплямілі сябе ні хлусьнёй, ні крывёй. Мы ганарымся нашымі бацькамі. А што маеце вы? Што застанецца вам у спадчыну? Нянавісьць людзей? І вы таксама адказныя за ўчынкі бацькоў. Хто, як ня дзеці, можа паўплываць на бацькоў?" — зьвяртаюцца да дзяцей Лукашэнкі, Шэймана, Сівакова, Навумава і Паўлічэнкі дзеці зьніклых апазыцыянэраў і тых палітыкаў, чыя заўчасная сьмерць выклікае падазрэньні.

Свой адкрыты ліст яны накіравалі сёньня ў беларускія мэдыі. Зьміцер і Тацяна Карпенкі, Алена і Юлія Захаранкі, Станіслаў і Ксенія Клімавы, Алена і Валерыя Красоўскія пішуць і сваім звычайным равесьнікам. Яны заклікаюць моладзь добра падумаць, перш чым выбраць новага прэзыдэнта, згадаць пражытыя сем гадоў і ўявіць жыцьцё яшчэ на пяць гадоў, калі ва ўладзе нічога ня зьменіцца.

"За гэты час у многіх з вас нарадзяцца дзеці, у некаторых дзеці пойдуць у садкі і школы. Што вы ім зможаце даць? Адукацыю — у такім памеры, колькі ў нас каштуе праца настаўніка. Здароўе — у такім памеры, колькі каштуе праца лекара. Вы будзеце жыць у страху, што ня зможаце забясьпечыць сябе і свае сем'і, бо заўтра ў краме можа ня быць цукру, малака, мяса і нават хлеба", — пішуць аўтары ліста.

Асобна яны зьвяртаюцца да равесьнікаў, якія служаць у міліцыі ды іншых сілавых структурах. "Хіба вам не надакучыла выконваць асабістыя загады, якія не адпавядаюць вашым службовым абавязкам? Калі вы не забівалі на загад, вам няма чаго баяцца", — зьвяртаюцца да сілавікоў дзеці зьніклых.

Ліст падпісалі таксама 10-гадовы Юрась Завадзкі і 7-гадовая Анастасія Майсеня. Ім яшчэ не выпадае галасаваць на гэтых выбарах, але яны падзяляюць думкі сваіх старэйшых сяброў і далучаюцца да іхнага закліку.

XS
SM
MD
LG