Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ХТО НЯ ЗМОЖА ПРАГАЛАСАВАЦЬ 9 ВЕРАСЬНЯ?


Ігар Карней, Менск

Сям'ю Захарэвічаў пазбавілі пакоя ў ведамасным інтэрнаце паводле рашэньня кіраўніцтва ўстановы год таму. З тае пары Зьміцер Захарэвіч статус сям'і акрэсьлівае так: фармальна мы існуем, але насамрэч усе нас ігнаруюць. Сапраўды, такія людзі пазбаўленыя ня толькі сацыяльных гарантыяў, але й аказаліся адрэзанымі ад выбарчай кампаніі. Гаворыць Зьміцер Захарэвіч:

(Захарэвіч: ) "Трэба йсьці на выбары. Дзе мне галасаваць? Ніхто ня ведае. Палітычна актыўная частка грамадзтва ня можа аддаць голас за таго ці іншага кандыдата. Пазбаўляюць канстытуцыйнага права выбіраць і быць абранымі. Хтосьці за мяне карэктуе мае правы".

(Карэспандэнт: ) "Вы распавядалі, што зьвярталіся з гэтай нагоды да сакратара гарадзкой выбарчай камісіі?"

(Захарэвіч: ) "Я зьвярнуўся ў гарадзкую выбарчую камісію якраз напярэдадні сходу з удзелам старшыняў раённых камісіяў. І мне адказалі: вы зьвярнуліся не на той адрас; ідзеце ва ўпраўленьне юстыцыі. Прабачце, але туды я ўжо зьвяртаўся, і адтуль няма ніякага адказу. У кожным пытаньні замкнёнае кола: хочуць заганяць чалавека — маўляў, сілы зьнікнуць, энэргія, жаданьне. Нашы ўлады спадзяюцца толькі на гэта".

Нягледзячы на супраціў, спадар Захарэвіч зьбіраецца змагацца за свае правы.

(Захарэвіч: ) "Спадзяюся, што дзесьці ўсё ж прагаласую. Калі не — застанецца падаць у суд з нагоды пазбаўленьня канстытуцыйнага права галасаваць, выбіраць. На выбаркам давядзецца падаваць, бо ўсё кантралююць адтуль".

Спадар Захарэвіч абураецца, што нават бамжы ня маюць перадвыбарчых праблемаў. Мне, сапраўды, пацьвердзілі, што, прыкладам, у адкрытым летась у Менску Доме начнога побыту кожнаму новаму наведніку даюць часовую даведку, а зь цягам часу й пашпарт з прапіскай да ўстановы. Тым часам звычайныя грамадзяне без прапіскі права галасаваць пазбаўленыя.

Яшчэ адна катэгорыя жыхароў Беларусі, якая ня мае права выбару — асобы без грамадзянства. Сотні такіх сем'яў вярталіся ў Беларусь напачатку 1990-х з Казахстану, краінаў Балтыі, рэгіёнаў Расеі. Пляменьніца Юр'я Захаранкі Сьвятлана Скрыпчанка прыехала з Чачэніі амаль 10 гадоў таму. Але права выбару ня мае дагэтуль.

(Скрыпчанка: ) "Мне нельга, бо я ня маю грамадзянства. Хоць, дарэчы, 9 год у Беларусі жыву і паводле ўсіх законаў маю права атрымаць грамадзянства пасьля сямі гадоў. Кажуць, што тут мне ня ўдасца арганізаваць "чачэнскую кампанію". Але ёсьць людзі, якія цікавяцца палітыкай, і ў нас ужо ёсьць, так бы мовіць, свая міні-ячэйка".

Колькі рэальна ў Беларусі грамадзянаў, якія ня маюць права ўдзельнічаць у выбарах, невядома. Чыноўнікі адказваюць, што падобнай статыстыкі ў краіне няма. Але ў нефармальнай гутарцы з клеркам Міністэрства статыстыкі й аналізу той зазначыў, што людзей з падобнымі праблемамі ў краіне тысячы.


XS
SM
MD
LG