Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 І 10 ВЕРАСЬНЯ АПАЗЫЦЫЯ АРГАНІЗУЕ Ў МЕНСКУ ВУЛІЧНЫЯ АКЦЫІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Адзіны кандыдат Уладзімер Ганчарык 2 верасьня ў часе сустрэчы з выбарцамі на Кастрычніцкай плошчы Менску заклікаў людзей прыйсьці на гэтае ж месца пасьля 8-й гадзіны вечара 9 верасьня — каб падтрымаць дэмакратычную кааліцыю.

Сёньня палітычная рада пры штабе адзінага кандыдата больш дэталёва разгледзела пытаньне арганізацыі масавых мерапрыемстваў у дзень прэзыдэнцкіх выбараў і на наступны дзень, 10 верасьня. Палітычная рада заклікае прыйсьці ўвечары 9-га верасьня да Палаца прафсаюзаў на Кастрычніцкай, дзе ў дзень выбараў будзе месьціцца штаб адзінага кандыдата, а 10 верасьня раніцай прйсьці да Цэнтарвыбаркаму на пляцы Незалежнасьці. Гаворыць сябар палітычнай рады, лідэр БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) "Гэта ня нейкі спэцыфічны сцэнар, гэта абсалютна натуральна, што прагаласаваўшы людзі захочуць пачуць зь першых вуснаў — відавочна, кіраўнікоў, прадстаўнікоў сеткі незалежнага назіраньня — вынікі іхнага аналізу й іхнай працы. Акрамя таго, існуе ў той сытуацыі, у якой мы знаходзімся, небясьпека блякаваньня інфармацыйных каналаў. Тут нічога лепш, як пачуць уласнымі вушамі, вачыма пабачыць вынікі, не існуе".

А лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец сказаў, што ўжо 9 верасьня ў Менск з чатырох бакоў прыйдуць калёны моладзі з розных рэгіёнаў, каб адзначыць перамогу на выбарах адзінага кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі. А ў выпадку фальсыфікацыі ўладамі вынікаў выбараў – гэтую перамогу адстаяць.

Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) "Усе дзеяньні накіраваныя на тое, каб сілавым чынам перавесьці гэтыя выбары ў аўтаматычнае пераабраньне Лукашэнкі. Дзеля гэтага цяпер у кожным райаддзеле трэніруюцца міліцыянты, б'юць адзін аднога дубінкамі па галаве, каб чужыя баяліся. Але ў гэтай краіне большасьць ужо не прымае Лукашэнку як законнага прэзыдэнта, таму ніхто ня будзе пытаць дазволу ў незаконнай улады на тое, каб сьвяткаваць перамогу ці адстойваць гэтую перамогу".

Прадстаўнікі палітычнай рады не сумняюцца, што калі б выбары былі сумленныя, Уладзімер Ганчарык перамог бы на іх. Каардынатар "Хартыі-97" Андрэй Саньнікаў і адзін з кіраўнікоў руху "За новую Беларусь" Вячаслаў Оргіш нават сказалі, што паводле апошніх сацыялягічных апытаньняў, спадар Ганчарык апярэджвае па папулярнасьці Аляксандра Лукашэнку на 5-7%. Праўда, якія сацыялягічныя службы праводзілі гэтае апытаньне, апазыцыянэры не сказалі.

Сябры палітычнай рады лічаць, што супрацьстаяць фальсыфікацыі вынікаў выбараў можна пры дапамозе паралельнага падліку галасоў. На думку Андрэя Саньнікава, калі вынікі паралельнага падліку будуць істотна розьніцца ад афіцыйных і гэтую інфармацыю ўдасца давесьці да большасьці выбарцаў, то ў краіне будзе зусім іншая сытуацыя, і ўлада Аляксандра Лукашэнкі доўга не пратрымаецца.

Сябры палітычнай рады паведамілі, што заўтра ў 23 гарадах краіны пройдуць сустрэчы давераных асобаў Уладзімера Ганчарыка з выбарцамі.


XS
SM
MD
LG