Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЕЛАРУСКІ КАСУЛЯТ У БОНЕ АДМОВІЎ ШАСЬЦІ НЯМЕЦКІМ ЖУРНАЛІСТАМ У ВІЗАХ


Алена Панкратава, Менск

Афіцыйнае запрашэньне за подпісам адказнага супрацоўніка беларускага прадстаўніцтва ЮНЭСКА прыйшло ў Бэрлін яшчэ месяц таму. У той жа дзень журналісты накіравалі ўсе неабходныя паперы і дакумэнты ў Бон. У запрашэньні гаварылася, што "двухбаковая праграма абмену паміж беларускімі й нямецкімі калегамі дзейнічае на працягу 6-ці гадоў і што сёлетні візыт прадстаўнікоў нямецкіх СМІ робіцца ў адказ на леташні візыт у ФРН беларускіх журналістаў".

Адначасова прадстаўніцтва ЮНЭСКА зрабіла запыт у МЗС Беларусі, ці патрэбныя сёлета для выдачы беларускай візы дадатковыя паперы, дазволы, дакумэнты. З МЗС паведамілі: не патрэбныя.

Размову працягвае Барбара Оэртэль — на сувязі Бэрлін, рэдакцыя "Die Tageszeitung".

(Оэртэль: ) "Мы ўжо езьдзілі з гэтай групай раней, і ўвесь час не было ніякіх праблемаў. Нашая праграма абмену павінна была дзейнічаць таксама сёлета. Пасьля таго, як мы падалі нашыя дакумэнты ў беларускі кансулят, іх трымалі там каля месяца.

Спачатку на нашыя запыты нам казалі, што не працуе кампутар, потым гаварылі, што заявак на беларускую візу ў кансуляце зашмат, і таму фізычна немагчыма іх хутка клеіць у пашпарты.За тры дні да адлёту самалёту кансулят паведаміў, што ў візе нам адмоўлена, бо мы ня маем акрэдытацыі ў МЗС Беларусі.

Адначасова наш менскі партнэр — прадстаўніцтва ЮНЭСКА — таксама тэлефанаваў у беларускае МЗС. Ім сказалі, што ніякай акрэдытацыі ня трэба, бо гэта не камандзіроўка журналістаў, а абменны праект... У выніку мы пацярпелі ня толькі прафэсійна, але і фінансава. Мы згубілі прыкладна тры тысячы марак. Палову кошту квіткоў".

Паводле абодвух бакоў, афіцыйнае тлумачэньне адносна адмовы выдачы візаў нямецкім журналістам выглядае несур'ёзна: пра акрэдытацыю абодвум трэба было паведамляць аднолькавую інфармацыю, прычым адразу... Нямецкія журналісты аднак не губляюць надзеі наведаць Беларусь пазней, пасьля выбараў.

(Оэртэль: ) "У нашай групе ёсьць журналісты, якія цікавяцца Беларусьсю ня толькі ў сувязі з выбарчай кампаніяй. Мы лічым, што СМІ Нямеччыны надзвычай мала надаюць увагі Беларусі. Адрозна ад многіх іншых нямецкіх мэдыяў, "Die Tageszeitung" пэрыядычна друкуе матэрыялы пра Беларусь. Нават ня маючы зараз сваіх карэспандэнтаў у Менску, выданьне мае намер асьвятляць гэтую падзею. Робім шматлікія тэлефонныя інтэрвію, актуальная беларуская інфармацыя трапляе ў Бэрлін праз Інтэрнэт".

XS
SM
MD
LG