Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАДЧАС СУСТРЭЧЫ З ВЫБАРШЧЫКАМІ ГОМЕЛЮ ЎЛАДЗІМЕР ГАНЧАРЫК ЗАЯВІЎ, ШТО, МАГЧЫМА, РЫХТУЕЦЦА АРЫШТ ВАСІЛЯ ЛЯВОНАВА


Казімер Яноўскі, Гомель

Выбарчая камісія Цэнтральнага раёну не дазваляла праводзіць сустрэчу на пляцы Паўстаньня, але каманда адзінага кандыдатата лічыць, што ўсе забароны і спробы загнаць перадвыбарчую агітацую ў вызначаныя ўладай памяшканьні пярэчаць выбарчаму заканадаўству. Больш таго, на ранішняй прэс-канфэрэнцыі для журналістаў Уладзімер Ганчарык адзначыў, што старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына ўжо ня можа выконваць свае абавязкі, бо публічна заявіла: пройгрыш на выбарах Лукашэнкі – гэта яе асабістая трагедыя. Ганчарык папярэдзіў: яму вядома таксама, што рыхтуецца правакацыя супраць кіраўніка ягонага штабу Васіля Лявонава. Магчымы нават арышт.

На плошчы спадар Ганчарык заклікаў гамельчукоў 9 верасьня зрабіць выбар ня толькі на карысьць сёньняшняга дня, але і будучыні, будучыні сваіх дзяцей і ўнукаў. Беларусь і яе грамадзяне павіньны быць паважанымі ўсімі, ва ўсім свеце.

Якую ж ацэнку трэба даваць выбаршчыкам прэзыдэнту, усім тым, каму яны даверылі ўладу? Вось што распавёў адзіны кандыдат.

(Ганчарык: ) “Я сыходжу з таго, што асноўнай ацэнкай прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, ураду, любога кіраўніка павінна быць толькі адно: лепей пачалі жыць людзі, большасьць людзей, большасьць народу, ці не? Упэўнены яны ў заўтрашнім дне, ці не? Вось з чаго трэба пачынаць. Калі мы кажам, што сем гадоў назад траціна народу жыла за рысай беднасьці, а зараз 40 адсоткаў – гэта што, добра? Хто задаволены гэтым жыцьцём, ладна, няхай вызначыцца. Але трэба задумацца, адкуль у нашы хаты лезе галеча. Мы павінны зьняць абмежаваньні ў эканоміцы, вырашыць праблему нармалёвых падаткаў, крэдытна-грашовага абарачэньня. Трэба зрабіць, каб да нас прыйшлі інвэстыцыі, каб мы не пакутавалі, што, напрыклад, “Гомельдрэў” ня можа канкураваць па кошце сваіх тавараў у Расеі; што сюды ідуць расейскія прадукты харчаваньня, пачынаючы ад каўбасы, піва, малака – і мы трацім рабочыя месцы. Мы павінны дамагчыся, каб фінансава ажывілася эканоміка,” – сказаў Уладзімер Гачарык.

Адзіны кандыдат лічыць, што прэзыдэнт павінен аб’ядноўваць грамадзян краіны, а не дзяліць іх на “сваіх” і “ворагаў”, “чэсных” і “нячэсных”.

Уладзімер Ганчарык абверг інсынуацыі, што ў краіне рыхтуецца нейкі “югаслаўскі варыянт”. Але ён пацьвердзіў, што паралельны падлік галасоў весьціся на выбарах будзе, каб ня даць магчымасці ўладзе сфальсыфікаваць выбары, і, асабліва, пры навязваньні масавага датэрміновага галасаваньня. Сустрэча на пляцы са шматлікімі пытаньнямі выбаршчыкаў цягнулася дзьве гадзіны.

У другой палове дня Ўладзімер Ганчарык сустракаўся ля ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны са студэнцкай моладзьдзю. Людзі ў цывільным здымалі сустрэчу на відэастужкі, але ў хаду яе ня ўмешваліся.

Сёньня ж Уладзімер Ганчарык меў сустрэчу з выбаршчыкамі мікрараёну “Гомсельмаш” і Савецкага раёну.


XS
SM
MD
LG