Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БЕЛАРУСЬ – САМАЯ РЭПРЭСІЎНАЯ КРАІНА ЭЎРОПЫ”


Мікола Іваноў, Прага

Газэта Scotsman знаёміць чытачоў з апошнімім абвінавачаньнямі рэжыму ў зьнішчэньні палітычных апанэнтаў, зь якімі выступіў супрацоўнік КГБ Генадзь Угляніца.

Амэрыканская газэта San Francisco Chronicle зьвяртае ўвагу на спробу рэжыму Лукашэнкі абяліць злачынствы сталінскага рэжыму. “Беларускі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка, - чытаем на старонках газэты, - пасьлядоўны прыхільнік адраджэньня Савецкага Саюзу, імкнецца перакласьці віну за забойствы ў Курапатах са сталінскай сакрэтнай службы на фашыстоўскую Нямеччыну”. Гэта складаная праблема, у краіне, дзе амаль кожны вучань школы ведае, што чацьвертая частка насельніцтва была зьнішчаная падчас нямецкай акупацыі. Але амаль ніхто не гаворыць, што амаль кожны пяты беларус зь 10 мільёнаў быў расстраляны НКВД.

Камэнтатар амэрыканскай газэты Sacramento Bee лічыць, што малапраўдападобна, каб націск з боку Захаду мог бы мець уплыў на вынік выбараў. Бальшыня беларускіх выбаршчыкаў, асабліва старэйшага веку, праўдападобна, сумуе па бясьпецы, характэрнай для аўтакратычнай аднапартыйнай савецкай сыстэмы. Лукашэнкаўскі аўтакратычны рэжым спрычыніўся да эканамічнай ізаляцыі краіны і спрыяў паніжэньню ўзроўню жыцьця насельніцтва. Аб гэтым вонкавы сьвет павінен гаварыць ня толькі народу Беларусі, але і народам тых былых савецкіх рэспублікаў, якія дасягнулі адпаведных посьпехаў на шляху да дэмакратыі і да больш багатага жыцьця безь вяртаньня да найгоршых аспэктаў сыстэмы-монстра, ад якой бальшыня Ўсходняй Эўропы ўжо пазбавілася.

Ангельская газэта Sunday Telegraph падае сваім чытачам наступны прагноз таго, што можа здарыцца ў Беларусі. “Спадар Лукашэнка амаль напэўна захавае сваю ўладу з дапамогай маніпуляцыяў з галасамі, перасьледу незалежных сродкаў масавай інфармацыі, перасьледу апазыцыі, а таксама з дапамогай пакупкі падтрымкі сялянаў і пэнсіянэраў за кошт датацыяў калгасам і своечасовай выплаты пэнсіяў.

Калі гэтыя сродкі не дапамогуць, былы саўгасны дырэктар у сваіх прамовах даў зразумець, што ён спыніцца перад выкарыстаньнем сілы, каб захаваць уладу. Ён абяцае не дазволіць, каб яго зьвергла народнае паўстаньне пасьля сфальшаваных выбараў, так, як гэта адбылося ў Югаславіі ў мінулым кастрычніку.

“Камунізм пацярпеў крах больш за 10 год таму, - піша на сваіх старонках лёнданская газэта Independent, - нават Слабадан Мілошавіч быў зьвергнуты ў Сэрбіі ў мінулым годзе, але эра дыктатараў у Эўропе працягваецца. У адным з куткоў Эўропы палітычны лунатызм па-ранейшаму пануе".


XS
SM
MD
LG