Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЗІМЕР ГАНЧАРЫК У ГОРАДНІ ЗАЯВІЎ, ШТО ЗА КІРАЎНІКАМІ МЯСЦОВЫХ УЛАДАЎ СОЧАЦЬ СУПРАЦОЎНІКІ РАДЫ БЯСЬПЕКІ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Журналістам Уладзімер Ганчарык паведаміў, што падчас ягонай паездкі за ім сочаць і здымаюць на відэа. Па ягоных словах, сочаць і за кіраўнікамі мясцовай улады. За кожным раёнам замацаваныя супрацоўнікі Рады Бясьпекі. Мясцовыя вэртыкальшчыкі абавязаныя забясьпечыць патрэбныя Лукашэнку вынікі выбараў. Але шмат хто зь іх галасаваць за Лукашэнку ня хоча. А сярод дырэктараў прадпрыемстваў, па словах кандыдата, такіх большасьць.

Наступную, плянавую сустрэчу з Уладзімерам Ганчарыкам улады паспрабавалі сарваць. З самай раніцы уваходы на стадыён на вуліцы Лідзкай заблякавала міліцыя, хаця на полі пасьвілася толькі самотная каза. Два міліцэйскія палкоўнікі пераконвалі публіку, што сустрэчу перанесьлі ў палац культуры хімікаў. Але там пра гэта нічога ня ведалі. Уладам не спадабалася, што ўчора ў горадзе адбыліся дзьве сустрэчы з Уладзімерам Ганчарыкам, на якія шмат хто прыйшоў.

Праўда, на стадыёне ён доўга не зьяўляўся. А спачатку сустрэўся з выбарцамі на рэчавым рынку "Паўднёвы". Пазьней ён выступіў на стадыёне, дзе былі рабочыя самага буйнога прадпрыемства "Азот". Урад стрымаў кошты на ўгнаеньні й прымусіў забясьпечыць імі калгасы, якія ня могуць расплаціцца. Уладзімер Ганчарык сказаў, што праблемы "Азоту" ды іншых заводаў няцяжка вырашыць, калі перагледзець выдадзеныя Лукашэнкам дэкрэты і зьменшыць падаткавы ціск.

Ён паведаміў сабраным, што сёньня дзяржаўныя газэты, прынамсі "Звязда", нарэшце надрукавалі тэзысы ягонай выбарчай праграмы, але ва ўсечаным выглядзе. А калі перадаваўся радыёзапіс выступу спадара Ганчарыка, улады імкнуліся, каб ніхто яго не пачуў.

(Ганчарык: ) "У нас ёсьць зьвесткі сёньня, што ў шэрагу раёнаў, у тым ліку і ў Горадні, у цэнтры гораду адключылі радыё. Сёньня па пэрымэтры сталі міліцыянты і накіроўвалі ў палац хімікаў, раніцай. Вось гэта таксама — да таго ж. Вось сёньня дзяжураць там прадстаўнікі пракуратуры і органаў міліцыі. Як быццам ім няма чаго рабіць".

Сёньня ж былі заплянаваныя сустрэчы спадара Ганчарыка з выбарцамі пасёлку Краснасельскі Ваўкавыскага раёну і ў Слоніме. У суботу кандыдат на прэзыдэнта ад шырокай грамадзянскай кааліцыі будзе выступаць у Лідзе і Смаргоні.

XS
SM
MD
LG