Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА ДЗЕНЬ ДА ВЫБАРАЎ АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА СУСТРЭНЕЦЦА З ПРАДСТАЎНІКАМІ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ "ТРОЙКІ"


Уладзімер Глод, Менск

Дзьве з трох арганізацыяў, што ўваходзяць у "тройку", ужо вызначыліся з асабістым складам удзельнікаў заплянаванай сустрэчы. Парлямэнцкую Асамблею АБСЭ будзе прадстаўляць ейны кіраўнік Адрыян Севярын, Эўрапарлямэнт — кіраўнік групы ў сувязях з Украінай, Малдовай і Беларусьсю Ян Вірсма.

Празь дзень-два назаве імя свайго прадстаўніка і Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы. Да іх далучыца Кіма Кільюнен — адмысловы каардынатар дзейнага старшыні АБСЭ, а таксама яшчэ некалькі ключавых супрацоўнікаў "тройкі".

Тры асноўныя парлямэнцкія арганізацыі прышлюць у Беларусь 60-65 парлямэнтароў, якія атрымаюць афіцыйны статус кароткатэрміновых міжнародных назіральнікаў.

Дарэчы, сьпіс першай групы быў сёньня распаўсюджаны. У ім ёсьць вядомыя ў Беларусі асобы. Напрыклад, Кіма Кільюнен зь Фінлядыі, Ута Цапф зь Нямеччыны, Урбан Алін з Швэцыі ды іншыя. Увогуле ж, афіцыйных міжнародных назіральнікаў будзе прыкладна 220.

Пра ўсё гэта паведаміў сёньня Ганс-Георг Вік, які быў запрошаны на паседжаньне Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў. Партыйныя лідэры спачатку выказалі сумнеў — маўляў, кароткатэрміновыя назіральнікі мала што ўбачаць. Іх паспрабаваў пераканаць у адваротным кіраўнік экспэртнай групы па заканадаўству Міхаіл Пліска. Ён распавёў пра свой асабісты ўдзел у назіраньні за выбарамі, што праходзілі ва Ўкраіне і ў Сэрбіі.

(Пліска: ) "Я быў там у якасьці кароткатэрміновага назіральніка. І магу сказаць, што плён ад іх працы ўсё ж ёсьць. І дастаткова істотны плён. Іх дастаткова шмат. Кожны назіральнік фізычна можа аб'ехаць каля 20 выбарчых участкаў. І адно тое, што яны там зьяўляюцца, а ім даручана пагутарыць з унутранымі назіральнікамі, калі яны там ёсьць, — гэта вельмі дысцыплінуе працу выбарчых камісіяў. Тым больш, што яны застаюцца абавязкова на падлік галасоў. І калі там ёсьць унутраныя назіральнікі, на гэтым выбарчым участку ўсё будзе праходзіць больш-менш без парушэньняў выбарчага заканадаўства".

Партыйныя лідэры спыталіся ў Ганса-Георга Віка: ці не азначае даволі стрыманы тон прэс-рэлізу, што быў распаўсюджаны АБСЭ два дні таму паводле вынікаў візыту Кіма Кільюнена, таго, што эўрапейскія структуры мяняюць свае адносіны да становішча ў Беларусі. Амбасадар Вік адказаў, што беларускім уладам да самага апошняга моманту даецца шанец. Але ні ў кога не павінна быць ілюзіяў, што міжнародная супольнасьць адступіць ад сваіх крытэраў правядзеньня дэмакратычных і свабодных выбараў.


XS
SM
MD
LG