Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НА БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНЕ АГІТАЦЫЮ ЗА ЛУКАШЭНКУ ПАЧАЛІ ПРАВАСЛАЎНЫЯ СЬВЯТАРЫ І ДЭПУТАТЫ ВЯРХОЎНАЙ РАДЫ ЎКРАІНЫ (!)


Алег Супрунюк, Берасьце

Перадвыбарчая кампанiя ў Берасьцейскiм раёне невыпадкова прыцягвае ўвагу сябраў грамадзянскай iнiцыятывы "Незалежнае назiраньне". Па словах назiральнiкаў, у гэтым раёне летась былi зарэгiстраваны шматлiкiя выпадкi парушэньня заканадаўства падчас выбараў у так званую «палату прадстаўнiкоў». Але з паведамленьняў пра хаду цяперашняй кампанii назiральнiкi робяць выснову, што сёлета гэтых парушэньняў будзе яшчэ больш.

Красамоўным прыкладам зьяўляюцца паводзiны старшынi Берасьцейскага райвыканкаму Канстантына Бабко, якi адначасова займае пасаду намесьнiка кiраўнiка абласной выбарчай камiсii. Нягледзячы на тое, што сябрам выбаркамаў заканадаўства забараняе прымаць ўдзел у агiтацыйнай кампанii, спадар Бабко рэгулярна зьбiрае адмысловыя нарады, падчас якiх заклiкае галасаваць за Лукашэнку.

Пасьля атрыманага ў райвыканкаме загаду да гэтай справы далучылiся таксама сьвятары мясцовых праваслаўных храмаў. Так, айцец Iаан, якi ўзначальвае прыход у вёсцы Чарнаўчыцы, ужо нагадвае падчас царкоўнай службы, за каго трэба галасаваць на прэзыдэнцкiх выбарах.

Агiтацыяй на карысьць Лукашэнкi занятая i група дэпутатаў Вярхоўнай Рады Украiны на чале з Алегам Грачовым. Сябры парлямэнту iншай дзяржавы зараз вандруюць па ўсёй Берасьцейшчыне i адкрыта гавораць пра тое, што на Беларусi ёсьць толькi адзiны варты кандыдат – Аляксандр Лукашэнка – і ўсе жыхары Ўкраiны зайздросьцяць беларусам. Яшчэ адна ўкраiнская дэлегацыя, складзеная з вэтэранаў, на гэтым тыднi наведала асобны баталён мiлiцыi, разьмешчаны ў Берасьцi. Цiкава, што адразу пасьля гэтай сустрэчы ў мiлiцыянтаў пачалiся вучэньнi, дзе адпрацоўвалiся iхныя дзеяньнi на выпадак, як было заяўлена, "узнiкненьня масавых парушэньняў парадку".

Тым часам, ва ўчастковых камiсiях Берасьцейскага раёну прымаюцца захады, каб перашкодзiць працы незалежных назiральнiкаў: для рэгiстрацыi ад iх запатрабавалi прадстаўленьня дадатковых дакумэнтаў. Накаторыя з кiраўнiкоў выбарчых камiсiяў таксама гавораць, што калi назiральнiкаў будзе шмат, перавага будзе аддадзена тым, хто быў вылучаны ад працоўных калектываў i грамадзкiх аб'яднаньняў кшталту Беларускага патрыятычнага саюзу моладзi.


XS
SM
MD
LG