Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯГЛЕДЗЯЧЫ НА ЗАБАРОНУ, УЛАДЗІМЕР ГАНЧАРЫК СУСТРЭЎСЯ З ГАРАДЗЕНЦАМІ НА ЦЭНТРАЛЬНЫМ ПЛЯЦЫ ГОРАДУ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

У Горадню Ўладзімер Ганчарык прыбыў у 18:20. Яго чакалі больш за 1000 гарадчукоў. Яны сабраліся на пляцы Леніна перад гарвыканкамам. Учора гарадзкія ўлады забаранілі праводзіць сустрэчу на гэтым месцы, але людзі прыйшлі сюды і міліцыя не перашкаджала. Яны з энтузіязмам віталі Ўладзімера Ганчарыка, які прыехаў разам зь Міхаілам Чыгіром.

Выступ кандыдата ў прэзыдэнты быў кароткім. Далей ён адказваў на пытаньні. Ўладзімер Ганчарык зазначыў, што старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Саўчанка ня меў права рапартаваць Лукашэнку, што за яго прагаласуе большасьць выбаршчыкаў вобласьці. Прамоўца заклікаў гарадзенцаў не паддавацца на правакацыю і ня йсьці на датэрміновыя выбары.

Сёньня Аляксандар Лукашэнка знаходзіўся на палігоне каля Горадні. Ён пераправіўся на заходні бераг Нёману на вадаплаўным бронетранспартэры і заявіў, што гатовы абараняць інтарэсы Расеі на заходнім рубяжы Беларусі.

Уладзімер Ганчарык адгукнуўся на ўдзел Лукашэнкі ў манэўрах.

(Ганчарык: ) “Пытаньне – чаму прэзыдэнт не бярэ ўдзелу ў сваёй выбарчай кампаніі? Няма часу – ваюе… (натоўп рагоча). У яго ёсьць час на вучэньні супраць зьнешніх і ўнутраных ворагаў, па яго словах. Унутраныя ворагі – гэта мы з вамі, а за яго кажуць то Праханаў, то Жырыноўскі, а то, не зьдзіўлюся, калі і Садам Гусэйн…”

Гэтым вечарам ва Ўладзімера Ганчарыка было заплянавана яшчэ дзьве сустрэчы з гарадзенцамі, а за гадзіну да яго прыезду старшыня гарадзенскага гарвыканкаму Анатоль Пашкевіч у адкрытым эфіры гарадзкога тэлебачаньня даў параду, за каго галасаваць. Ён сказаў, што Лукашэнка – гэта сініца ў руцэ, а два астатнія кандыдаты – журавы ў небе. Пашкевіч заклікаў гараджанаў, каб яны ігнаравалі незалежны падлік галасоў на выбарах і не адказвалі, за каго аддалі свой голас.

XS
SM
MD
LG