Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МАЛАДЫЯ АПАЗЫЦЫЯНЭРЫ ХАЦЕЛІ ПАДАРАВАЦЬ ЛУКАШЭНКУ, СЯРОД ІНШАГА, АЎТОБУСНЫ БІЛЕТ ДА ШКЛОВА НА 10 ВЕРАСЬНЯ Ў АДЗІН БОК


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня з раніцы сябры арганізацыі "Моладзь АГП" распаўсюджвалі ўлёткі, у якіх паведамлялася, што 30 жніўня — дзень нараджэньня Аляксандра Лукашэнкі. Маладыя апазыцыянэры заклікалі грамадзянаў "зрабіць падарунак дарагому чалавеку ў апошнія дні ягонай плённай дзейнасьці".

Збор падарункаў для Аляксандра Лукашэнкі актывісты "Моладзі АГП" арганізавалі на менскай плошчы Свабоды, каля сквэру мастакоў. Гаворыць арганізатар гэтай акцыі лідэр "Моладзі АГП" Алесь Карніенка:

(Карніенка: ) "Я веру, што сёньня апошні раз Аляксандар Рыгоравіч і мы сьвяткуем ягоны дзень народзінаў на гэтай пасадзе. Наступны ён будзе сьвяткаваць на іншым месцы ды на іншай пасадзе. Ён сказаў, што паедзе ў Ізраіль. Мы думаем, што гэта можа быць іншае месца, бліжэй да бацькаўшчыны, а можа быць тут, у Беларусі. Гэта будзе залежаць ад таго, ці мае Аляксандар Рыгоравіч дачыненьне да тых злачынстваў, да тых зьнікненьняў людзей, пра якія мы ўсе ведаем і нагадваем ледзь ня кожны дзень па ўсёй краіне".

Тым часам хлопцы і дзяўчаты пачалі прыносіць у сквэр падарункі для Аляксандра Лукашэнкі — беларускую статую Свабоды, аблепленую налепкамі "Час выбіраць", "Стоп Лука" ды іншымі, унітаз, шкарпэткі, сухары, аўтобусны квіток да Шклова ў адзін бок на 10 верасьня, чарку ды шкварку і шмат чаго іншага. Асобна стаялі два латкі з курынымі яйкамі, на якіх было напісана "Нармальныя чалавечыя яйцы".

Да ўдзельнікаў акцыі падышлі некалькі гандляроў карцінамі й пачалі патрабаваць перайсьці ў іншае месца, бо, маўляў, з-за гэтага палітычнага гэпэнінгу ў іх могуць пачацца праблемы з уладамі.

Спрэчка цягнулася даволі доўга, пасьля чаго ўдзельнікі акцыі адышліся трохі ўбок. Прадстаўнікі адміністрацыі вэрнісажу потым тлумачылі, што яны зусім ня супраць акцыі моладзі, але баяцца за сваю працу.

Тым часам удзельнікі акцыі накіраваліся да будынку адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. За некалькі мэтраў да адміністрацыі іх спынілі супрацоўнікі службы аховы Лукашэнкі й заявілі, што далей нікога ня пусьцяць. Ахоўнікі раілі апазыцыянэрам даслаць падарункі пасылкай, але пазьней усё ж згадзіліся ўзяць латкі зь яйкамі.

Неўзабаве пасьля маладых прадстаўнікоў АГП каля адміністрацыі зьявіліся актывісты Маладога Фронту. Яны трымалі ў руках паветраныя балёнікі й несьлі як падарунак Аляксандру Лукашэнку сухары, памідоры, Крымінальны кодэкс, Канстытуцыю ды іншыя рэчы. Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) "Гэта падарункі, якія могуць даць пэўную хаду думкам, надаць пэўны настрой. Ну, а паколькі дзень народзінаў знакавы дзень — заўсёды аглядаесься на пражытыя гады, глядзіш у будучыню, то я думаю, што Аляксандар Рыгоравіч можа паўглядацца ў будучыню".

Прадстаўнікі службы аховы не захацелі прымаць падарункаў для Лукашэнкі ад маладафронтаўцаў. Удзельнікі акцыі пайшлі на Галоўпаштамт, каб накіраваць падарункі поштай. Падобныя акцыі прайшлі ў 20 гарадах Беларусі.

XS
SM
MD
LG