Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ВУЧЭНЬНЯХ ЛУКАШЭНКА НАДЗЕЎ КАМУФЛЯЖ З ГЕРБАМІ НА ПАГОНАХ І АТРЫМАЎ У ПАДАРУНАК БАЯВЫ ПІСТАЛЕТ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Відовішчная частка вучэньняў "Нёман-2001" сёньня адбылася на Госкім палігоне ў Гарадзенскім раёне. Але больш важная была праведзеная ў першай палове дня. Аляксандар Лукашэнка знаходзіўся на цэнтральным камандным пункце супрацьпаветраных войскаў.

Сотні ўмоўных самалётаў напалі, як было пазначана на мапах, з польскай і літоўскай тэрыторыяў. А лідзкая зэнітна-ракетная брыгада бараніла беларускія рубяжы. Дадаткова з Балтыйскага мора выпусьцілі дзясяткі крылатых ракетаў.

Камандаваньне беларускай арміі не хавае, што адпрацоўвае гэтак званы югаслаўскі сцэнар. Беларусь яны ставяць на месца Югаславіі. Вучэньні закончыліся ўдала. Чырвоныя, ролю якіх выконвала беларуская армія, адбілі паветраныя атакі сініх.

Затым Аляксандар Лукашэнка на верталёце накіраваўся на Госкі палігон. Ён прызямліўся на пляцоўцы ў Крынічным, што недалёка ад літоўскай мяжы. Гэта адбылося каля гадзіны дня. Стала вядома, што падчас пералёту ён дамогся, каб яго павіншаваў з днём народзінаў расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін. Лукашэнка сам затэлефанаваў яму і далажыў абстаноўку — аб становішчы ў краіне і аб вайсковых вучэньнях. А Пуцін яго павіншаваў.

У Крынічным Лукашэнку сустрэлі два генэралы. Аляксандар Паўлоўскі, які камандуе памежнымі войскамі і Анатоль Нікіцін, камандзір гарадзенскага 28-га армейскага корпусу. Аляксандар Лукашэнка агледзеў новыя ўзоры ўзбраеньняў. Асабіста прыцэльваўся, узяўшы ў рукі аўтамат з новым беларускім прыцэлам. За вучэньнямі назіралі вайсковыя аташэ заходніх краінаў і краінаў СНД.

Апроч карэспандэнта АТН, ніхто з гарадзенскіх журналістаў ня трапіў на манэўры — як зь незалежных выданьняў, так і зь дзяржаўных. Аўтобус з журналістамі вайскоўцы прывезьлі зь Менску.

XS
SM
MD
LG