Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“МЕНСКІ МІЛОШАВІЧ” ЗЬБІРАЕЦЦА СФАЛЬШАВАЦЬ ВЫБАРЫ…


Сяргей Шупа, Прага

За выняткам латыскай газэты Diena, якая піша пра вайсковыя манэўры «Нёман-2001», усе сёньняшнія публікацыі ў замежным друку прысьечаныя тэме выбараў. Праглянем загалоўкі. «У Беларусі перад прэзыдэнцкімі выбарамі расьце напружаньне», - паведамляе літоўская Lietuvos Rytas, тым часам як Lietuvos Žinios зазначае: «Папулярнасьць Лукашэнкі падае».

Пра грубы ціск з боку ўладаў як мэтад выбарчай кампаніі піша нямецкая Der Tagesspiegel: «Беларусь: Апазыцыя запалохваецца». У тым самым кантэксьце пра канфіскацыю тыражу газэты «Рабочы» паведамляюць літоўская Kauno Diena і польская Gazeta Wyborcza.

Найбольш увагі надалей прысьвячаецца «эскадронам сьмерці». Нямецкая Die Welt ставіць пытаньне: «Ці загадваў беларускі прэзыдэнт забіваць сваіх апанэнтаў?» На тую самую тэму пішуць сёньня македонскі Дневник, с лавацкая SME, швэйцарская Neue Zürcher Zeitung, нямецкая Hamburger Abendblatt і чэская Lidove Noviny.

Нямецкая Frankfurter Rundschau паведамляе, што «Вашынгтон крытыкуе беларускі ўрад». Пра тое самае піша латыская Diena - «ЗША ня вераць у справядлівыя выбары ў Беларусі». Урэшце, фінская Etelä-Suomen Sanomat зьвярнула ўвагу на асьвятленьне выбараў у афіцыйных сродках інфармацыі і робіць выснову: «Выбары ў Менску не заўважаюцца».

Швэйцарская Le Temps зьмясьціла артыкул «У Беларусі апошні сталінскі дыктатар Эўропы рыхтуецца сфальшаваць выбары». Маскоўскі карэспандэнт газэты Лёран Нікале сярод іншага піша:

«У выбарчай кампаніі апазыцыйныя мас-мэдыі здушваюцца, Лукашэнка безь ніякага сораму выкарыстоўвае ўсе дзяржаўныя структуры каб схіліць шалі на свой бок. Нягледзячы на цкаваньні і пагрозы фальшаваньня выбараў апазыцыйны кандыдат Ганчарык працягвае змаганьне. Вашынгтон заняў пэсымістычную пазыцыю».

Увесь гэты балаган, - працягвае швэйцарская газэта, - не перашкаджае апазыцыі марыць пра рэвалюцыю «на сэрбскі манер». Некаторыя апазыцыйныя лідэры нават езьдзілі ў Бялград пераймаць досьвед, і цяпер на менскіх вуліцах можна сустрэць улёткі і кашулькі са сьпісанымі ў сэрбаў лёзунгамі. Чаго апазыцыя ня можа зразумець, дык гэта безуважнасьці міжнароднай супольнасьці да апошняга сталінскага дыктатара Эўропы, - піша швэйцарская газэта Le Temps.

«Менскі Мілошавіч» - так называецца камэнтар у сёньняшнім нумары аўстрыйскай газэты Die Presse. Газэта піша:

«У Беларусі захавалася адно з апошніх логваў дыктатуры ў Эўропе. Калі цэнзура, здушэньне свабоды друку і запалохваньне апазыцыі лічыць азнакамі аўтакратычнага кіраваньня, дык прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка можа тут служыць проста ўзорным прыкладам. Невыпадкова, што ён усяляк бараніў Мілошавіча, ня дзіва таксама, што расейскі прэзыдэнт Пуцін нібы не заўважае таго, што творыцца ў Менску – як не заўважае ён і таго, што робіцца ва Ўкраіне Леаніда Кучмы: постсавецкія ўладары добра разумеюць адзін аднаго. Але чым больш падціскае тэрмін выбараў, тым больш адчайна Лукашэнка кідаецца ў бакі пад лёзунгам супрацьстаяньня «варожаму замежжу». А тым часам з самой Беларусі даносяцца настойлівыя галасы, якія сьведчаць пра палітыку гвалту і тэрору – і пра эскадроны сьмерці. Эўропа ня можа болей стяць да Беларусі сьпінай: назіральнікі мусяць заябсьпечыць справядлівыя выбары».

XS
SM
MD
LG