Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У АШМЯНАХ АРЫШТАВАЛІ КІРАЎНІКА ВЫБАРЧАГА ШТАБУ ГАНЧАРЫКА


Ганна Соусь, Менск

Кіраўнік выбарчага штабу Ўладзімера Ганчарыка ў Ашмянах Пятро Явідовіч распавёў Радыё Свабода пра тое, як ён пацярпеў за агітацыю за свайго кандыдата.

(Явідовіч: ) "Я стаяў на плошчы насупраць райвыканкаму зь вялікім стэндам Ганчарыка. Вёў зь людзьмі гутаркі пра тое, што ёсьць такі кандыдат Уладзімер Ганчарык, прапаноўваў за яго галасаваць.

Мне давялося прастаяць толькі гадзіны тры. Пад'ехала машына, і мяне забралі ў міліцэйскі пастарунак. Я спытаўся: "Прабачце, за што мяне забіраеце?" На што мне адказалі: "Ты тут наладзіў пікет". Я сказаў, што зараз ідзе выбарчая кампанія, і я магу стаяць і весьці агітацыю за свайго кандыдата".

Разам зь Пятром Явідовічам у міліцэйскі пастарунак трапілі й некалькі чалавек, якія проста падышлі да яго ўзяць буклеты з інфармацыяй пра Ўладзімера Ганчарыка. У міліцыі ў Пятра Явідовіча канфіскавалі агітацыйны стэнд. Паводле яго, гэта было зроблена зь недарэчнай фармулёўкай.

(Явідовіч: ) "У акце аб канфіскацыі было так і напісана: у Пятра Явідовіча канфіскаваны пікет".

Да таго ж кіраўніку выбарчага штабу Ганчарыка ў Ашмянах давялі, што наступным разам у яго таксама канфіскуюць усе агітацыйныя матэрыялы.

Інцыдэнт адбыўся ўчора ўвечары. У той жа дзень у Ашмянах праходзіла яшчэ адна перадвыбарчая акцыя. Па горадзе каля трох гадзінаў езьдзіла фурманка з партрэтамі Ўладзімера Ганчарыка і надпісамі "Час выбіраць" і "Зрабі свой выбар". Неўзабаве міліцыянты канфіскавалі і гэтую, так бы мовіць, рухомую агітацыю. Адметна, што гаспадар каня таксама трапіў у пастарунак і на яго склалі пратакол.

З гэткімі складанасьцямі праходзіць у Ашмянах агітацыя за Ўладзімера Ганчарыка. А як агітуюць у гэтым горадзе за іншых кандыдатаў? Распавядае Пятро Явідовіч:

(Явідовіч: ) "Калі вядзецца агітацыя за Лукашэнку, то толькі на прадпрыемствах і прымусова. Зрабілі сход, выступілі, сказалі, што трэба галасаваць за бацьку".

(Карэспандэнтка: ) "А ў горадзе адчуваецца, што хутка выбары?"

(Явідовіч: ) "Не. Многія людзі, што падыходзілі да нашага стэнду (ён вельмі прыгожы такі быў, яркі), кажуць: "Нам тэлебачаньне зараз няма часу глядзець, бо мы працуем. А вось у горад выйшлі, убачылі цікавы стэнд, які дае нейкую інфармацыю".

Пятро Явідовіч зьбіраецца працягнуць у Ашмянах агітацыю за Ўладзімера Ганчарыка. Праўда, бяз стэнда. Ён будзе проста трымаць у руках плякат з выявай адзінага кандыдата, распаўсюджваць буклеты зь ягонай праграмай і распавядаць людзям пра Ўладзімера Ганчарыка. Сёньня ж Пятро Явідовіч напісаў скаргу у Цэнтарвыбаркам ды міжнародныя арганізацыі, якія назіраюць за выбарамі, на тое, што яму перашкаджаюць весьці перадвыбарчую агітацыю.

XS
SM
MD
LG