Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ГАНЧАРЫК НА СУСТРЭЧЫ З ТРАКТАРАБУДАЎНІКАМІ ПААБЯЦАЎ ПРАМЫСЛОВАСЬЦІ ЭКАНАМІЧНУЮ СВАБОДУ


Міхал Стэльмак, Менск

Адміністрацыя МТЗ не задаволіла першапачатковай просьбы Ўладзімера Ганчарыка сустрэцца з рабочымі на тэрыторыі прадпрыемства. Гаворыць намесьнік старшыні прафсаюзнага камітэтуЭдуард Грыхуцік:

(Грыхуцік: ) "Калі б у нас была магчымасьць правесьці на тэрыторыі заводу сустрэчу з усім калектывам, то яна была б масавай. А так у нас няма такой магчымасьці. Сёньня мы аб'явы вывесілі. Аднак усе яны былі імгненна сарваныя".

Агітаваць за сваю кандыдатуру адзіны кандыдат атрымаў дазвол толькі ў Доме культуры, разьмешчаным па-за межамі заводу. Але і ў такім месцы сустрэча з трактаразаводцамі была пад пагрозай зрыву. Гаворыць рабочы Герман Абрамаў:

(Абрамаў: ) "Вось у нас мэханазборачная вытворчасьць, але ні ў адным цэху аб'яваў не было".

Яшчэ адзін рабочы рамонтна-будаўнічага цэху МТЗ Яўген Максімаў даведаўся пра сустрэчу з Ганчарыкам выпадкова:

(Максімаў: ) "Каб сябры не падказалі, я б ня ведаў. Зараз і паклёпы на гэтага Ганчарыка, я і такое пачуў, што яго нават лепей забіць — бо гэта, маўляў, здраднік, бо гэта такі чалавек, што сорамна за яго".

Ён і шмат хто іншы з работнікаў пачуў сёньня ад Уладзімера Ганчарыка пра пляны ў выпадку перамогі на выбарах. Прамыслоўцам адзіны кандыдат паабяцаў сёньня эканамічную паволю. Наступствам такой паволі, мяркуе кандыдат у прэзыдэнты, будзе павелічэньне вытворчасьці, у тым ліку на Менскім трактарным заводзе.

(Карэспандэнт: ) "Ці будзе праводзіцца агітацыя за таго ці іншага кандыдата ў прэзыдэнты на вашым прадпрыемстве?"

(Стукач: ) "Адназначна, не. Мы падрыхтавалі інфармацыйны матэрыял, і з 4 па 8 верасьня інфармацыйная група з кіраўнікоў прадпрыемстваў будзе выступаць ва ўсіх структурных падразьдзяленьнях, і мы раскажам пра асноўныя нормы і патрабаваньні Выбарчага кодэксу. Мы таксама раскажам пра ўсіх трох кандыдатаў, якія па гэтую вось хвіліну зарэгістраваныя Цэнтвыбаркамам. На прадпрыемстве людзі мусяць працаваць", — зазначыў намесьнік генэральнага дырэктара МТЗ Мікалай Стукач.


XS
SM
MD
LG