Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МІХАІЛ ХВАСТОЎ НЭГАТЫЎНА АЦАНІЎ ЗВАРОТ ДЗЯРЖСАКРАТАРА ЗША ПАЎЭЛА З НАГОДЫ 10-Х УГОДКАЎ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ БЕЛАРУСІ


Юры Сьвірко, Менск

Міністар Хвастоў даведаўся пра зварот свайго амэрыканскага калегі з нагоды 10-годзьдзя абвешчаньня незалежнасьці Беларусі толькі ўчора, і адразу пракамэнтаваў гэта ў інтэрвію Беларускаму тэлебачаньню.

Сёньня МЗС Беларусі распаўсюдзіла тэкст інтэрвію як афіцыйны камэнтар. "Я даю самую нэгатыўную ацэнку гэтаму звароту", — заявіў спадар Хвастоў, дадаўшы, што дзяржсакратар ЗША мусіць быць цалкам узважаным чалавекам.

Хаця Колін Паўэл заявіў у сваім звароце, што "беларускія ўлады ведаюць пра тыя канкрэтныя крокі, якія ім неабходна зрабіць, каб выканаць свае абавязацельствы перад АБСЭ ды забяспечыць прызнаньне вынікаў будучых прэзыдэнцкіх выбараў", міністар Хвастоў сказаў, што ў гэтым звароце "вылучаюцца новыя ўмовы, якія мы мусім выконваць як сувэрэнная й незалежная дзяржава".

Што ён убачыў новага, Міхаіл Хвастоў не патлумачыў, аднак заклікаў Злучаныя Штаты паводзіць сябе як усе дзяржавы ў рамках АБСЭ.

На думку беларускага міністра замежных справаў, зварот ягонага амэрыканскага калегі ёсьць "грубым умяшаньнем ва ўнутраныя справы Беларусі". Паводле спадара Хвастова, афіцыйны Менск выконвае тыя ўмовы, што высоўвае АБСЭ, а што да амэрыканскіх умоваў, дык "мы ня будзем іх выконваць", сказаў міністар.

Міхаіл Хвастоў згадаў таксама леташнія выбары ў "палату прадстаўнікоў", калі за два тыдні да дня галасаваньня Злучаныя Штаты ў асобе дзяржсакратара заявілі пра непрызнаньне тых выбараў.

"Сёньня за два тыдні да правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў мы маем той самы вынік — Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША груба ўмешваецца ва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусь, аказваючы палітычную падтрымку тым людзям, якія самастойна ня здольныя прыйсьці сёньня да ўлады", — заявіў спадар Хвастоў.

Адказваючы на пытаньне, ці ёсьць пэрспэктывы ў разьвіцьці далейшага супрацоўніцтва са Злучанымі Штатамі, шэф беларускае дыпляматыі заявіў, што гэтыя пэрспэктывы трэба шукаць у стасунках паміж народамі дзьвюх дзяржаваў, а любыя спробы Дзярждэпартамэнту выставіць Менску новыя патрабаваньні, несумяшчальныя з падыходамі Беларусі да працы АБСЭ.

"Я думаю, што пэрспэктыва нашых стасункаў ляжыць ужо ня ў плоскасьці супрцоўніцтва зь Дзярждэпартамэнтам", — заявіў Міхаіл Хвастоў, міністар замежных справаў Беларусі.

Трэба зазначыць, што спадар Хвастоў нічога не сказаў пра тую нагоду, празь якую быў прыняты зварот Коліна Паўэла, — пра 10-годзьдзе незалежнасьці Беларусі.

XS
SM
MD
LG