Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУСЬВЕТНЫ ДРУК – ПРА ВЫБАРЫ І ЛУКАШЭНКУ


Сяргей Шупа, Прага

Славацкая газэта SME - «Беларусь перад выбарамі – Лукашэнка забясьпечвае сабе перамогу»: «У Беларусі да выбараў застаюцца няпоўныя два тыдні, а бальшыня людзей ня ведае даты іх правядзеньня. Паводле сацыялягічнай службы «Люстэрка», на пачатку жніўня дату выбараў ведалі толькі 40 працэнтаў беларусаў. 34 працэнты здагадваюцца, што выбары будуць недзе ў верасьні, а 18 працэнтаў пра выбары наагул нічога ня чулі. Ня ўсе нават ведаюць, хто на іх кандыдуе апрача Лукашэнкі».

Бэрлінская газэта Die Welt зьмяшчае вялікі артыкул Енса Гартмана пад назовам «Білет у мінуўшчыну». У артыкуле падаецца шырокая панарама апошніх падзеяў – справы зьніклых, гутарка зь Зінаідай Ганчар, «эскадроны сьмерці», пікеты моладзі пад лёзунгам «Мы хочам ведаць праўду». Газэта згадвае пра невыпадковасьць правядзеньня вайсковых манэўраў у самы час выбараў і цытуе міністра абароны – які, маўляў, на гэтых манэўрах будзе практыкавацца ў недапушчэньні «югаслаўскага варыянту».

Харвацкая газэта Vjesnik дала свайму сёньняшняму беларускаму артыкулу загаловак: «Апазыцыя ў Менску спадзяецца на «Бялградзкі сцэнар» прэзыдэнцкіх выбараў», хоць і піша, што вынік выбараў можна бязь цяжкасьці прадказаць ужо й сёньня – Лукашэнка можа перамагчы нават у першым туры лічыць харвацкая газэта Vjesnik.

Беларусі прысьвяцілі месца на сваіх старонках газэты балтыйскіх краінаў. Вось загалоўкі сёньняшніх публікацыяў: латыская Neatkarīgā Rīta Avīze - «Беларускія ўлады гатовыя сфальшаваць вынікі выбараў», літоўская Lietuvos Žinios - «Лукашэнка бразгае зброяй» (пра апэратыўна-тактычныя вучэньні «Нёман-2001»), эстонская Postimees - «Прэзыдэнт-парыя ­ найлепшы парабак саюзнай дзяржавы».

Выгнаньню зь Беларусі амэрыканскага прафсаюзнага дзеяча Робэрта Філдынга прысьвечаныя паведамленьні ў амэрыканскай Los Angeles Times, швэдзкай Svenska Dagbladet і латыскай Diena.

Люксэмбурская газэта Tageblatt надрукавала артыкул пад загалоўкам «Беларускія прэзыдэнцкія выбары: кампанія, што хавае сваё імя». Газэта піша пра тое, што Лукашэнка адмаўляецца праводзіць звычайную перадвыбарчую кампанію, палічыўшы за лепшае максымальна разрэклямаваць сваю дзейнасьць у яасьці кіраўніка краіны. Ён езьдзіць па краіне, сустракаецца зь людзьмі, адчыняе масты, дорыць каровы, раздае прыгожыя абяцанкі. Тым часам ён імкнецца максымальна ўскладніць свайму канкурэнту Ўладзімеру Ганчарыку выкарыстаньне нешматлікіх легальных сродкаў выбарчай кампаніі. Затое на дзьве прапановы апошняга ўзяць удзел у адкрытых тэледэбатах Лукашэнка так і не адказаў. Пра гэта даведваюцца чытачы газэты Tageblatt, што выдаецца ў Люксэмбургу.

Урэшце, нямецкая Süddeutsche Zeitung друкуе вялікае інтэрвію з кандыдатам у прэзыдэнты Ўладзімерам Ганчарыкам. Вось адказы на некаторыя пытаньні нямецкага карэспандэнта:
«- Вы хочаце стаць прэзыдэнтам Беларусі. А ці маеце Вы наагул нейкія шанцы?
- Натуральна, - адказвае Ганчарык. – І гэтыя шанцы растуць.
- А як Вы зьбіраецеся рэагаваць на масавыя фальшаваньні выбараў?
­ Усімі магчымымі сродкамі. Мы нават зьвернемся да людзей, каб яны выйшлі на вуліцы.» Гэтыя словы - «Мы будзем клікаць людзей на вуліцы» - Süddeutsche Zeitung, дарэчы, вынесла ў загаловак артыкулу.


XS
SM
MD
LG