Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ПРАЙШОЎ КРУГЛЫ СТОЛ У СПРАВЕ ПАРАЛЕЛЬНАГА ПАДЛІКУ ГАЛАСОЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

У гэтым круглым столе бралі ўдзел прадстаўнікі праваабарончага цэнтру "Вясна", Беларускага Гельсынскага камітэту, Каардынацыйнай рады ў справе назіраньня за выбарамі, некалькіх праўрадавых арганізацыяў, а таксама прэзыдэнцкай Акадэміі кіраваньня і Міністэрства юстыцыі.

Там прысутнічалі таксама амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак, прадстаўнікі КНГ АБСЭ й місіі БДіПЧ, якія ўдзелу ў дыскусіі ня бралі. Былі запрошаныя й прадстаўнікі выбарчых штабоў трох кандыдатаў на прэзыдэнта, але ніхто зь іх на круглы стол не прыйшоў.

Удзельнікі круглага стала абмяркоўвалі пытаньні законнасьці правядзеньня паралельнага падліку галасоў, мэтадаў арганізацыі гэтай кампаніі, а таксама праблему супрацоўніцтва незалежных назіральнікаў і сяброў выбарчых камісіяў у справе назіраньня за выбарамі.

Каардынатар "Незалежнага назіраньня", які адказвае за правядзеньне паралельнага падліку галасоў, Міраслаў Кобаса патлумачыў прысутным, якім чынам будзе праводзіцца паралельны падлік галасоў. Паводле спадара Кобасы, на аснове сацыялягічнай выбаркі возьмуць 500 выбарчых участкаў у розных рэгіёнах краіны, дзе незалежныя назіральнікі падлічаць, колькі выбарцаў узялі ўдзел у галасаваньні 9 верасьня. Потым гэтыя зьвесткі перададуць у інфармацыйны цэнтар "Незалежнага назіраньня".

Такая мэтодыка, апрабаваная ў больш чым 40 краінах сьвету, дае магчымасьць з доляй памылкі ня больш за 2% падлічыць вынікі агульнабеларускага галасаваньня. Гэты падлік патрэбны на той выпадак, калі вынікі ўчастковых камісіяў будуць істотна розьніцца ад вынікаў, абвешчаных Цэнтарвыбаркамам.

Прадстаўнікі арганізацыяў, якія падтрымліваюць Аляксандра Лукашэнку, спачатку гаварылі, што паралельны падлік супярэчыць законам Беларусі, ды ўвогуле, маўляў, ніякага незалежнага назіраньня ня можа існаваць, бо назіральнікі таксама людзі, якія маюць свае палітычныя прыхільнасьці.

Аднак у ходзе дыскусіі прадстаўнікам "Незалежнага назіраньня" спадарам Грыбу, Бяляцкаму, Гулаку, Веры Страмкоўскай ды іншым удалося-такі давесьці, што паралельны падлік галасоў праводзіцца на аснове зьвестак афіцыйных пратаколаў участковых выбарчых камісіяў, а гэта ня ёсьць нейкім парушэньнем закону.

Як вынік, нават начальнік упраўленьня грамадзкіх арганізацыяў Міністэрства юстыцыі Міхаіл Сухінін быў вымушаны прызнаць (хаця й з агаворкамі), што такі грамадзкі кантроль не супярэчыць заканадаўству, хаця некалькі дзён таму Мінюст распаўсюдзіў заяву, у якой называў дзеяньні грамадзянскай ініцыятывы "Незалежнае назіраньне" незаконнымі. Гаворыць Міхаіл Сухінін:

(Сухінін: ) "Я згаджуся з думкай — паралельны падлік вынікаў, зьвестак, вынікаў таго, што ёсьць. З гэтым я згаджуся. Хай будзе добра, хай будзе празрыстасьць, хай будзе галоснасьць, хай будуць добрыя вынікі на карысьць нашага народу. На наш погляд, гэта кантроль ня ў поўным аб'ёме, а частка кантролю за дзейнасьцю дзяржаўных органаў і выбарчых камісіяў".

Пасьля вынікі круглага стала падсумаваў каардынатар "Незалежнага назіраньня" Алесь Бяляцкі:

(Бяляцкі: ) "Здаецца, мы плённа абмяняліся думкамі па шэрагу тых пытаньняў, якія былі закранутыя на гэтым круглым стале. Мы ўдакладнілі лінгвістычныя моманты, і назвы — "паралельны падлік галасоў" і "паралельны падлік вынікаў падліку ўчастковых камісіяў". Гэта даволі важныя моманты — дзеля таго каб ня блытацца ў трох хвоях. Такія круглыя сталы, яны здымаюць пачуцьцё недаверу й варожасьці ў грамадзтве".

Ён таксама дадаў, што заўтра пазнаёміць з вынікамі працы круглага стала старшыню Цэнтарвыбаркаму Лідзію Ярмошыну.

XS
SM
MD
LG