Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ГАНЧАРЫК ПАТРАБУЕ, КАБ ЦВК ЗЬНЯЛО КАНДЫДАТУРУ ЛУКАШЭНКІ ЗА ПАРУШЭНЬНІ


Валер Каліноўскі, Менск

Уладзімер Ганчарык у сваім звароце запатрабаваў ад старшыні ўраду Беларусі Ўладзімера Ярмошына і кіраўніцы ЦВК Лідзіі Ярмошынай неадкладна аднавіць выпуск і свабодны распаўсюд усіх пэрыядычных выданьняў ды перадвыбарчых матэрыялаў, забясьпечыць бесьперашкодны й роўны доступ усіх кандыдатаў на прэзыдэнта да дзяржаўных СМІ, забараніць масавае датэрміновае галасаваньне і забясьпечыць выкананьне ўстаноўленых законам правілаў вядзеньня перадвыбарчай кампаніі.

"Я зьвяртаюся да грамадзяніна Лукашэнкі, — зазначае Ўладзімер Ганчарык, — калі вы лічыце сябе сумленным і мужным чалавекам, дайце распараджэньне спыніць перасьлед незалежнай прэсы, прыміце аднолькавыя зь іншымі кандыдатамі ўмовы перадвыбарчай гульні, не парушайце перадвыбарчы закон. Гэтым вы хаця б часткова апраўдаеце сябе ў вачах сваіх дзяцей і ўнукаў".

У шматлікіх зваротах, якія перадавалі выбарцы ў ЦВК, гучала патрабаваньне без дадатковых папярэджаньняў зьняць кандыдатуру Аляксандра Лукашэнкі, абапіраючыся на факты шматлікіх парушэньняў ім і ягоным атачэньнем закону. У заявах, якія перадалі ў ЦВК, прыводзяцца факты перасьледу актывістаў перадвыбарчага штабу Ганчарыка, кампанія дыскрэдытацыі апазыцыйных кандыдатаў у дзяржаўных СМІ, і няроўныя з Лукашэнкам умовы для агітацыі.

Тое, што Лукашэнка падараваў сям'і ў саўгасе-камбінаце "Мір" Баранавіцкага раёну карову і абяцаў матэрыяльныя выгады работнікам Баранавіцкага баваўнянага аб'яднаньня, расцэньваюць як подкуп выбарцаў.

Гэтую перадачу пэтыцыяў арганізавала кіраўніца перадвыбарчага штабу Ўладзімера Ганчарыка Валянціна Палевікова.

(Палевікова: ) "Цэнтральная выбарчая камісія павінна выконваць заканадаўства і весьці выбары ня толькі за аднаго кандыдата, а стварыць роўныя ўмовы для ўсіх".

Валянціна Палевікова мяркуе, што ЦВК пакуль толькі робіць выгляд, што кандыдаты маюць роўныя ўмовы, але А.Лукашэнка дагэтуль карыстаецца манапольным правам на асьвятленьне сваёй кампаніі ў дзяржаўных СМІ, а Ў.Ганчарыку не дазваляюць сустракацца з працоўнымі калектывамі, на ягоныя перадвыбарчыя штабы нападае міліцыя, спыняецца выхад незалежных газэт.

(Палевікова: ) "Таму мы абураныя, і я лічу, што павінна быць абуранае ўсё насельніцтва Беларусі, таму што гэта падман".

Спадарыня Палевікова прызнала, што са штабу Ганчарыка ў ЦВК ужо перадалі шмат скаргаў на парушэньне Лукашэнкам законаў, але на ўсе прыходзяць фармальныя адказы: "Адпавядае заканадаўству".


XS
SM
MD
LG