Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САЦЫЁЛЯГІ СЬВЕДЧАЦЬ, ШТО ГАНЧАРЫК ПАКУЛЬ АДСТАЕ АД ЛУКАШЭНКІ


Віталь Цыганкоў, Менск

У першай палове жніўня Незалежны Інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў правёў чарговае апытаньне грамадзкай думкі. Паводле ягоных вынікаў, за Аляксандра Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах гатовыя прагаласаваць 44% апытаных, за Сямёна Домаша — 12,5%, за Ўладзімера Ганчарыка — 11%, за Сяргея Гайдукевіча — звыш 3%.

Адзначым, што напачатку жніўня, калі праводзілі апытаньне, ужо было вядома, што Ўладзімер Ганчарык аб'яўлены адзіным кандыдатам, але Сямён Домаш афіцыйна яшчэ ня зьняў сваёй кандыдатуры. Ці можна скласьці электараты двух дэмакратычных кандыдатаў? Сацыёлягі на гэтае пытаньне адказваюць станоўча — на момант дасьледаваньня тры чвэрці прыхільнікаў Домаша адказалі, што гатовыя прагаласаваць за Ганчарыка. Такім чынам, агульны электарат адзінага кандыдата на пачатак жніўня складаў прыблізна 20%.

Варта адзначыць, што дэмакратычныя кандыдаты пачыналі фактычна з нуля. Яшчэ ў чэрвені рэйтынг Ганчарыка быў каля 1% (зараз, нагадаю, 11), а Сямёна Домаша — 3%. Калі такі рост працягнецца, то гэта дае прыхільнікам адзінага кандыдата надзеі на другі тур. І яшчэ адзін даволі нявызначаны чыньнік — гэта ўплыў Гайдукевіча. Ягоны рэйтынг пакуль каля 4%, але, што цікава, большасьць прыхільнікаў Гайдукевіча ні ў якім разе ня будуць галасаваць за Лукашэнку.

Даволі трывожная для апанэнтаў Лукашэнкі тэндэнцыі — тое, што яшчэ мацней закруцілася гэтак званая "сьпіраль маўчаньня", калі людзі ня вераць у магчымасьць зьмены ўлады. Цяпер ужо 73% лічаць, што на прэзыдэнцкіх выбарах большасьць прагаласуе за Лукашэнку. Пры гэтым толькі 11% апытаных заявілі, што возьмуць удзел у масавых пратэстах у выпадку, калі вынікі выбараў будуць сфальшаваныя.

Дагэтуль каля 30% апытаных ня схільныя галасаваць ні за воднага з чацьверкі прыведзеных у апытаньні кандыдатаў. Адны зь іх (амаль 10%) заяўляюць, што, хутчэй за ўсё, ня пойдуць галасаваць. А рэшта, звыш 20%, дагэтуль ня вызначылася са сваім кандыдатам.


XS
SM
MD
LG