Лінкі ўнівэрсальнага доступу

WASHINGTON TIMES: БЕЛАРУСЬ – МЕСЦА ВЫРАШАЛЬНАЙ БІТВЫ ЗА АДЗІНУЮ І ДЭМАКРАТЫЧНУЮ ЭЎРОПУ


Сяргей Шупа, Прага

Швэйцарская Neue Zurcher Zeitung, славацкая Pravda і літоўская Lietuvos Rytas пішуць пра зьняцьце Сямёнам Домашам сваёй кандыдатуры на карысьць Уладзімера Ганчарыка. Тэлевізійныя выступы кандыдатаў камэнтуе польская Gazeta Wyborcza.«Паляваньне на незалежную прэсу» - так называецца артыкул у польскай газэце Rzeczpospolita, і гэтай самай тэме прысьвечаная нататка ў фінскай газэце Helsingin Sanomat. Агульны агляд перадвыбарчай сытуацыі падае на сваіх старонках чэская газэта Lidove Noviny.

Асаблівую ўвасу сёньня мы надалі публікацыі ў амэрыканскай газэце The Washington Times. Яна выйшла пад назовам, які за апошні год стаўся ўжо традыцыйным для заходняга друку - «Апошні дыктатар Эўропы»

Аўтары: Кенэт Эдэлман - дараднік у справе кантролю над узбраеньнямі адміністрацыі прэзыдэнта Рэйгана, Макс Кэмпэлман – кіраўнік дэлегацыі Злучаных Штатаў на Канфэрэнцыі ў пытаньнях Бясьпекі й Супрацоўніцтва ў Эўропе і Марк Палмэр – былы амбасадар ЗША ў Будапэшце.

«Амэрыканская падтрымка сэрбскай апазыцыі нямала паспрыяла адхіленьню ад улады Слабадана Мілошавіча, - піша The Washington Times. Цяпер Злучаныя Штаты мусяць узмацніць сваю публічную дыпляматыю каб дапамагчы грамадзянскім і апазыцыйным сілам Беларусі мабілізавацца супраць апошняга дыктатара Эўропы.

Беларусь ­ краіна зь дзесяцімільённым насельніцтвам – мае патэнцыял далучыцца да сваіх заходніх суседзяў ў іх руху да агульнаэўрапейскага рэчышча. Замест гэтага ад часу свайго прыходу да ўлады ў 1994 годзе прэзыдэнт Лукашэнка адмаўляўся ад дэмакратызацыі і эканамічнай лібэралізацыі, імкнучыся захаваць Беларусь як аўтарытарную паліцыйную дзяржаву. Калі б Лукашэнка ўтрымаўся пры ўладзе, зманіпуляваўшы верасьнёўскія выбары, Беларусь сталася б «павадыром» для суседняй Украіны, якая выглядае разгубленай у сваёй пераходнай стадыі і стаіць на мяжы аўтакратыі.

Каб пусьціць Беларусь пад адхон, спатрэбіліся немалыя намаганьні. Прэзыдэнцтва Лукашэнкі ад самага пачатку набыло аўтарытарныя рысы і апусьцілася да адкрытага беззаконьня, калі ён у 1996 годзе распусьціў парлямэнт і прымусіў зьмяніць канстытуцыю, працягнуўшы свой прэзыдэнцкі тэрмін. Ад таго часу патэнцыйныя канкурэнты і крытыкі рэжыму таямніча зьнікалі, паміралі пры нявысьветленых абставінах або саджаліся за краты паводле сумнеўных абвінавачаньняў. Нядаўна два былыя супрацоўнікі пракуратуры, якія ўцяклі за мяжу, выступілі зь цьверджаньнямі, што Лукашэнка стварыў эскадрон сьмерці, на чыім рахунку ліквідацыя больш чым 30 чалавек, у тым ліку чатырох зьніклых палітычных апанэнтаў. Незалежныя замежныя і беларускія праваабарончыя групы склалі даўгі сьпіс злоўжываньняў улады ў дачыненьні да апазыцыйных палітыкаў, няўрадавых арганізацыяў, прафэсійных саюзаў і незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Гэткая атмасфэра падрывае надзеі шматлікіх беларусаў на тое, што яны могуць жыць свабодным і паўнацэнным жыцьцём у сваёй уласнай краіне. Гэта тасксама прымусіла шмат каго на Захадзе сьпісаць Беларусь як прайграную справу.

Насуперак страху і адчаю, спароджанаму рэжымам, - працягвае The Washington Times, - мабілізацыя на прэзыдэнцкія выбары 9 верасьня пашыраецца. Пяць апазыцыйных прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду дамовіліся вылучыць адзінага кандыдата Уладзімера Ганчарыка, старшыню Фэдэрацыі Прафсаюзаў Беларускай, які будзе прадстаўляць на выбарах «шырокую грамадзянскую коаліцыю». Захаваньне адзінства ў гэтай акцыі мае надзвычай важнае значэньне. Ужо некалькі месяцаў маладзёвая арганізацыя «Зубар» - беларускі бізон, ужыты ў назве і сымболіцы арганізацыі, паходзіць зь Беларусі - праводзіць актыўную дзейнасьць пад лёзунгам «Час выбіраць!», мабілізуючы моладзь на негвалтоўнае змаганьне за перамены, як гэта рабіла ў Сэрбіі арганізацыя «Адпор». Лёзунг і сымболіка арганізацыі хутка пашыраюцца па ўсёй Беларусі.

Лукашэнка відавочна быў непрыемна ўражаны, калі пабачыў, як ягонага калегу-дыктатара Слабадана Мілошавіча мясцовыя апанэнты адхілілі ад улады і перадалі Гаагскаму трыбуналу. Ягоны ўрад жорстка крытыкуецца як у самой краіне, гэтак і за мяжою за парушэньні пры фармаваньні выбарчых камісіяў і перашкоды ў працы мясцовых назіральнікаў. І хоць, паддаўшыся ціску, Лукашэнка ўрэшце ўсё ж дазволіў прыехаць у краіну назіральнікам ад АБСЭ, парушэньні, учыненыя да іхнага прыезду, ужо робяць гэтыя выбары значна менш «свабоднымі і справядлівымі».

Злучаныя Штаты, Эўрапейскі Зьвяз, усе дэмакратычныя краіны абавязаныя настойваць на забесьпячэньні справядлівасьці выбараў і мусяць самі рабіць усё для гэтага неабходнае. Дзеля таго, што поле гульні моцна перакошанае на карысьць сп. Лукашэнкі, дэмакратычныя краіны мусяць арыентавацца на беларускую дэмакратычную апазыцыю і грамадзкія арганізацыі, каб вызначыць, як найлепей ім дапамагчы, - лічаць аўтары публікацыі ў газэце The Washington Times.

Перашкоду ўяўляе сабой Расея. Лукашэнка гадамі атрымваў з Масквы моцную падтрымку, ён прычыніўся да ставрэньня беларуска-расейскага саюзу, які прэзыдэнт Расеі Пуцін разглядае як ядро адноўленага СССР. Лукашэнку жыцьцёва патрэбная падтрымка Крамля, аднак ён ужо й сам ня ўпэўнены – як доўга Масква яшчэ будзе цярпець ягоную грубую дыктатуру. Вашынгтон і Брусэль мусяць даць Маскве зразумець, што працяг расейскай падтрымкі Лукашэнку будзе для яе дорага каштаваць ў палітычным сэнсе. І хоць варта дамагацца, каб Расея перастала падтрымваць Лукашэнку, аднак гэты зьнешні фактар не заменіць важнасьці грамадзкіх намаганьняў «Зубра» і апазыцыі ў самой Беларусі.

Цяперашняя выбарчая кампанія надзвычай важная для дэмакратычнага разьвіцьця Беларусі. Леташнія выбары ў Сэрбіі сталіся фактарам аб’яднаньня ўсіх грамадзянаў, незадаволеных ізаляцыяй краіны і эканамічнымі цяжкасьцямі. У Беларусі дэмакратычная апазыцыя стаіць перад яшчэ больш складанымі праблемамі. Лукашэнка не вагаючыся ўжывае супраць апанэнтаў самы шырокі спэктар рэпрэсіўных дзеяньняў. Дэмакратыя ў Беларусі, як і жорсткая вайна ў Чэчэніі – не зьяўляюцца важнымі пытаньнямі ў дачыненьнях Злучаных Штатаў з Масквой, а беларуская апазыцыя, у адрозьненьне ад іх сэрбскіх калегаў, у заходніх сродках масавай інфармацыі застаецца амаль незаўважная. Лукашэнка хоча захаваць гэтую сытуацыю, аднак яго здольнасьць запалохваць народ, якому ўжо няма чаго губляць, увесь час зьмяншаецца.

«Час выбіраць» настаў цяпер ня толькі для Беларусі, але й для Вашынгтону з Брусэлем. Ужываючы падтрымку і ціск, Злучаныя Штаты ды іхныя саюзьнікі могуць істотна дапамагчы схіліць раўнавагу на карысьць беларускага народу, што супрацьстаіць свайму аджыламу рэжыму. Беларусь станецца месцам вырашальнай бітвы супраць бессаромнай дыктатуры ў доўгай і цяжкай барацьбе за адзіную і свабодную дэмакратычную Эўропу».

Нагадаем, што мы знаёмілі вас з артыкулам «Апошні дыктатар Беларусі», надрукаваным у сёньняшнім нумары газэты The Washington Times. Аўтары артыкулу – уплывовыя амэрыканскія палітыкі Кенэт Эдэлман, Макс Кэмпэлман і Марк Палмэр
XS
SM
MD
LG