Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕЧЫСЛАЎ ГРЫБ НЕ ВЫКЛЮЧАЕ, ШТО ЛУКАШЭНКА МОЖА ЎВЕСЬЦІ НАДЗВЫЧАЙНАЕ СТАНОВІШЧА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Мечыслаў Грыб, ацэньваючы магчымасьць увядзеньня беларускімі ўладамі надзвычайнага становішча замест другога туру выбараў, ня выключыў, што такі сцэнар магчымы. Паводле яго, цяперашнія паводзіны беларускіх ўладаў, асабліва ціск на незалежных назіральнікаў, сьведчаць пра падрыхтоўку да масавых фальсыфікацыяў. А каб не дапусьціць выступаў абураных грамадзянаў, улады могуць пайсьці на надзвычайнае становішча, мяркуе Мечыслаў Грыб.

(Грыб: ) "Калі ўлада адчуе, што ў яе ня будзе перамогі, яна можа пайсьці на ўвядзеньне надзвычайнага становішча, пры якім выбары ўвогуле не праводзяцца. Пакуль усё ідзе да выбараў, але гэта не перашкаджае ўладам у любы час яго ўвесьці", — заявіў Мечыслаў Грыб на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі ў праваабарончым цэнтры "Вясна".

Ён кажа, што ўмовы працы назіральнікаў значна пагоршыліся нават у параўнаньні зь не прызнанымі сьветам леташнімі выбарамі ў Лукашэнкаў парлямэнт.

(Грыб: ) "Тады не было таго, што мы зараз адчуваем. Прыкладам, тады мы працавалі ў цэнтральным офісе, і ніякіх пытаньняў да нас не было. Праўда, улады не прызналі нашых вынікаў, і суд іх таксама не прызнаў — сказаў, што ня мае паўнамоцтваў правяраць вынікі выбараў, бо гэта прэрагатыва Цэнтральнай выбарчай камісіі. Але тое, што адбываецца сёньня, — такога ціску я ня бачыў. Такога не было, як кажуць, ані пры тых саветах, ані пры гэтых", — мяркуе Мечыслаў Грыб.

Выказваньні Мечыслава Грыба праілюстраваў другі каардынатар грамадзянскай ініцыятывы "Незалежнае назіраньне" Алесь Бяляцкі з праваабарончага цэнтру "Вясна". Ён паведаміў, што толькі за апошні час была канфіскаваная маёмасьць і кампутары ў пяці абласных і адной рэспубліканскай недзяржаўных арганізацыях, якія заявілі пра ўдзел у назіраньні за выбарамі, а таксама ў больш чым дзесяці раённых структурах, у тым ліку недзяржаўных газэтах.

Разам, паводле Бяляцкага, сканфіскавалі некалькі дзясяткаў кампутараў і іншых адзінак оргтэхнікі. Асабліва пацярпеў Рэспубліканскі клюб выбаршчыкаў, які ўзяў на сябе асноўную працу ў справе падрыхтоўкі назіральнікаў. У клюбу забралі 15 адзінак электроннай тэхнікі, удакладніў старшыня клюбу Ўладзімер Гудзееў. Сярод іншага арыштавалі базу зьвестак больш як на 13 тысяч незалежных назіральнікаў. Аднак, запэўніў Уладзімер Гудзееў, гэтыя зьвесткі за адзін-два дні будуць адноўленыя і зрыву назіраньня не адбудзецца.

XS
SM
MD
LG