Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І Ў ДРУКАРНІ ФЭДЭРАЦЫІ ПРАФСАЮЗАЎ КАНТРАЛЁРЫ НЕ ЗНАЙШЛІ КАМПРАМАТУ НА ЎЛАДЗІМЕРА ГАНЧАРЫКА


Міхал Стэльмак, Менск

Праверку прафсаюзнай друкарні праводзіў Камітэт дзяржкантролю. Вось што паведаміў нашаму радыё дырэктар друкарні Іван Стэцко:

(Стэцко: ) "Паглядзелі, якую прадукцыю друкуем. У нас усё аформлена — заказы афармляюцца гэтак жа, як і на ўсіх дзяржаўных прадпрыемствах. Ніякай крамолы не было".

Друкарня Фэдэрацыі вырабляе блянкі, этыкеткі, тэчкі, паштоўкі, брашуры. Аднак, паводле меркаваньня прафсаюзнага кіраўніцтва, кантралёраў найперш цікавіла прадукцыя, зьвязаная з выбарчай кампаніяй Уладзімера Ганчарыка.

(Стэцко: ) "Калі прыйшоў рэвізор, мы прайшліся па друкарні. Паглядзелі ўсе нашы афішы, усё, што вырабляем. А вырабляем мы тое, што дазволена. А вось прадукцыі, што зьвязаная з выбарчай кампаніяй і не дазволеная, мы не друкавалі", — паведаміў дырэктар.

Супрацоўнікі Камітэту дзяржкантролю не знайшлі ў прафсаюзнай друкарні і каляровых партрэтаў Уладзімера Ганчарыка. Як зазначыў Іван Стэцко, тут іх немагчыма вырабіць з прычыны нізкай тэхналягічнай аснашчанасьці прадпрыемства — няма афсэтнага друку. Пасьля таго, як кантралёры выявілі гэта, яны адразу згубілі цікавасьць да друкарні.


XS
SM
MD
LG