Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ГОМЕЛЬСКІЯ ЎЛАДЫ НАМАГАЮЦЦА НЕ ДАПУСЬЦІЦЬ СУСТРЭЧАЎ ГАНЧАРЫКА З ВЫБАРШЧЫКМАІ НА ГАРАДЗКІХ СТАДЫЁНАХ


Казімер Яноўскі, Гомель

Сёньня падчас сустрэчы з даверанай асобай Ганчарыка ў нашым рэгіёне Юр'ем Варонежцавым старшыня гарвыканкаму Леанід Барабанаў ня даў станоўчага адказу пра мажлівасьць сустрэчаў адзінага кандыдата з выбарцамі на гарадзкіх стадыёнах. Барабанаў хаця і абяцаў падумаць, але выказаўся пра нямэтазгоднасьць выкарыстаньня стадыёнаў у перадвыбарчай агітацыі.

Забаранілі ладзіць сустрэчы і ў пабудаваным летась Лядовым палацы.

Зьявіліся й іншыя прыкметы процідзеяньня кандыдату ад шырокай грамадзянскай кааліцыі. Толькі ўчора ў людных месцах гораду зьявіліся каляровыя партрэты Ўладзімера Ганчарыка з надпісам "Дабра вашаму дому", і ўжо сёньня гэтыя партрэты былі сарваныя альбо пашкоджаныя. Прынамсі, гэтак здарылася у мікрараёне "Мельнікаў Луг" і ля ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны.

Міліцыя і КГБ, занятыя ператрусам дэмакратычных арганізацыяў, ня могуць адказаць, хто псуе партрэты кандыдата на прэзыдэнта.

Між тым, шараговыя гараджане выяўляюць цікавасьць да асобы Ганчарыка як да патэнцыйнага кіраўніка дзяржавы. Гэта паказала ўчорашняя сустрэча яшчэ адной ягонай даверанай асобы — лідэр ПКБ Сяргей Калякін пабачыўся з супрацоўнікамі гатэльнага комплексу "Турыст".

Заўтра рэгіянальная каманда штабу Ўладзімера Ганчарыка распачынае ў горадзе вулічную агітацыю.

Выходзіць на вуліцу для раздачы агітацыйных матэрыялаў і група падтрымкі кандыдата ў прэзыдэнты Сяргея Гайдукевіча.


XS
SM
MD
LG