Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА НАВЕДАЎ БАРАНАВІЧЫ


Алесь Горбач, Баранавічы

Пра прыезд кіраўніка дзяржавы ў Баранавічах гаварылі ўжо за некалькі дзён. Аб гэтым было няцяжка здагадацца, гледзячы, як старанна прыбіраюць цэнтральныя вуліцы, фарбуюць будынкі. Мінулай ноччу жыхары тых вуліц, празь якія павінен быў праехаць госьць, назіралі праз свае вокны, як машыны, асьвятляючы фарамі, мылі асфальт.

Сёньня ў першай палове дня на вуліцы Савецкай рабілі сьвежую разьметку на асфальце. "Яшчэ пасьпеюць", — іранічна заўважалі мінакі. Лукашэнка, аднак, прыехаў, парушыўшы традыцыю, спэцыяльным цягніком у суправаджэньні начальніка Беларускай чыгункі Віктара Рахманька, кіраўніка Нацбанку Пятра Пракаповіча, старшыні Дзяржкантролю Анатоля Тозіка ды іншых.

Адразу ж пры Палескім чыгуначным вакзале Лукашэнка сустрэўся з жыхарамі — былі там далёка ня ўсе, хто жадаў, а толькі абраныя. Людзі, што праявілі цікавасьць да візыту, назіралі здалёк праз мэталічную агароджу, як Лукашэнка размаўляе з народам. Адрозна ад двух папярэдніх візытаў, сёньня ў натоўпе было мала захапленьня, вясёлых настрояў, але прысутнічала насьцярожанасьць.

Слухаючы праз гукаўзмацняльную апаратуру выступ кіраўніка дзяржавы, многія нават кпілі зь ягоных выказваньняў. Так, да прыкладу, выклікала гучны сьмех заява пра тое, што ў органах дзяржаўнага кіраваньня 74% жанчын, і ён, Лукашэнка, ужо ня можа зь імі справіцца. Зь недаверам успрынялі прысутныя і выказваньне адносна таго, што многія габрэі, якія калісьці зьехалі, сёньня хочуць з Ізраілю вярнуцца назад у Беларусь.

Гаворачы пра славянскае братэрства і сувязі з Украінай, Аляксандар Лукашэнка заявіў: "Хахол — гэта наш чалавек". І гэта таксама выклікала нездаровы сьмех. Пасьля Лукашэнка папрасіў прабачэньня і сказаў, што яму трэба ехаць "к жэнчынам" на баваўняны камбінат.

Менавіта туды, на Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб'яднаньне, завезьлі аўтобусамі прадстаўнікоў калектываў многіх прадпрыемстваў гораду для сустрэчы з кіраўніком дзяржавы. Аднак гэтая сустрэча была зусім кароткая, заняла ня больш як дваццаць хвілін, бо Лукашэнка па дарозе заехаў у новазбудаваны шыкоўны прафілякторый Беларускай чыгункі, затым наведаў адну з фабрык аб'яднаньня.

Падобна на тое, што выступоўца нават і ня ведаў, што на сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі іншых прадпрыемстваў, а працаўнікоў баваўнянага камбінату тут меншасьць, бо ў сваім кароткім выступе ён зьвяртаўся толькі да іх.

Першае абяцаньне Лукашэнкі тычылася заробкаў. Ён заявіў, што ўжо ў верасьні сярэдні заробак па аб'яднаньні будзе ня менш як 160 тысячаў рублёў. Затым заявіў, што ўжо да канца году, у сьнежні, баваўняны гігант будзе працаваць на поўную сілу, як працаваў у найлепшыя свае часы. "Толькі праз мой труп я дазволю загубіць гэтае прадпрыемства", — заявіў Аляксандар Лукашэнка.

Назваўшы прысутных жанчын "развратнымі", бо тыя засьмяяліся на ягонае выказваньне пра любоў да жанчын, Лукашэнка сказаў, што яго ўжо даўно чакаюць сяляне і адправіўся ў саўгас-камбінат "Мір" Баранавіцкага раёну.

Людзі, што пакідаў месца сустрэчы, абураліся. "За сем гадоў нічога не зрабіў, а ўжо цяпер зробіць", — такія і падобныя выказваньні чуліся з усіх бакоў.


XS
SM
MD
LG