Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

УЛАДЗІМЕР ГАНЧАРЫК У ПІНСКУ ПАЦЬВЕРДЗІЎ, ШТО ЗА ІМ І ДОМАШАМ СОЧАЦЬ


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Нягледзячы на папярэднія пагрозы вэртыкалі прафсаюзным лідэрам гораду ды на тое, што сустрэча распачалася а 16-й гадзіне – у працоўны час – заля гарадзкога дома культуры ледзь зьмясьціла ўсіх ахвотных паслухаць адзінага кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі. Разам з Уладзімерам Ганчарыкам у Пінск прыехаў і Павал Казлоўскі.

У часе прамовы Ўладзімер Ганчарык коратка распавёў прысутным пра сябе, агучыў асноўныя тэзы сваёй праграмы ды каля гадзіны падрабязна адказваў на пытаньні пінчукоў.

Пасьля сустрэчы, у холе гарадзкога дому культуры, я зьвярнуўся да жыхаркі Пінску Надзеі Аўсіевіч:

(Карэспандэнт: ) “Якія вашыя ўражаньні ад сустрэчы з Уладзімерам Ганчарыкам?”

(Аўсіевіч: ) “Выключна станоўчыя. Я лічу, што гэта чалавек, якога варта падтрымаць”.

(Карэспандэнт: ) “Ці вырашылі Вы за каго галасаваць?”

(Аўсіевіч: ) “Так, за Ганчарыка”.

Пасьля сустрэчы, на якую, дарэчы, прыйшлі і выканкамаўскія чыноўнікі, была наладжаная прэсавая канфэрэнцыя, у часе якой Уладзімер Ганчарык пацьвердзіў дзеля нашага Радыё інфармацыю пра існаваньне дзьвюх адмысловых групаў, якія сочаць за ім і Сямёнам Домашам. Паводле спадара Ганчарыка, адной з гэтых групаў кіруе чалавек, які спрычыніўся да зьнікненьня беларускіх апазыцыйных палітыкаў.

(Ганчарык: ) "Сапраўды, створаныя дзьве спэцыяльныя групы, адна ў сыстэме аховы прэзыдэнта, другая непасрэдна падначаленая Шэйману. Другой групай, якая ў апэратыўным пляне займаецца Домашам і Ганчарыкам, кіруе Васільчанка, які непасрэдна забясьпечвае дзейнасьць падразьдзяленьня Паўлічэнкі. Якая мэта дзеяньняў гэтых групаў, можна толькі здагадвацца. Гэтае прозьвішча, як вы ведаеце, ёсьць у матэрыялах па зьнікненьні вядомых дзеячоў, якія былі прадстаўленыя грамадзкасьці. У дадзеным выпадку размова ідзе пра Ганчара і Красоўскага".

Заўтра ў 12.30 адзіны кандыдат на пасаду прэзыдэнта ад шырокай грамадзянскай кааліцыі сустрэнецца з выбаршчыкамі ў Янаве, у залі прадпрыемства "Райсельгастэхніка", і ў гэты ж дзень а 17-й гадзіне ў Кобрыне, у гарадзкім доме культуры.


XS
SM
MD
LG