Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У РЭДАКЦЫІ БДГ – ПАВАЛЬНЫЯ ПРАВЕРКІ: ЯК І ПЕРАД РЭФЭРЭНДУМАМ 1996 ГОДУ


Мікола Іваноў, Прага

(Вашкевіч :) “ Цяпер у закрытым акцыянэрным таварыстве “Белорусская деловая газета” адбываецца комплексная выязная праверка. Яе праводзіць Інспэкцыя дзяржаўнага падаткавага камітэту Цэнтральнага раёну. Ад 1 чэрвеня сёлета выдаўцом-заснавальнікам БДГ зьяўляецца ўнітарнае прадпрыемства Марат. У ім таксама адбываецца комплексная праверка, якую праводзіць Падаткавая інспэкцыя Першамайскага раёну. У дадатак учора да нас прыехала Інспэкцыя Дзяржаўнага падаткавага камітэту Менскай вобласьці і Менску. Яны таксама далучаюцца да праверкі акцыянэрнага таварыства БДГ. З майго пункту гледжаньня гэта непрыстойна, нягодна. Я лічу, што ўлады маглі захаваць твар і не праводзіць гэтую кампанію. У 1996 годзе перад рэфэрэндумам былі ўжо павальныя праверкі. Цяпер перад выбарамі зноў павальныя праверкі. З майго пункту гледжаньня гэта непрыгожа”.

(Карэспандэнт: ) “А ці ёсьць пагроза таго, што ў выніку дзейнасьці ўладаў будзе пастаўлены пад пагрозу сам выхад газэты? Генэральны дырэктар БДГ Любоў Вашкевіч адказвае”.

(Вашкевіч :) “У адрозьненьне ад “Народнай волі” у нас тэхніку не канфіскавалі. Мы пакуль што працуем у звычайным рэжыме. Кантралёрам мы далі асобны пакой. Усю дакумэнтацыю мы ім далі. Праверкі, якія ажыцьцяўляюцца як кампаніі, я лічу нягоднымі. Я, аднак, лічу, што хопіць розуму не канфіскоўваць тэхніку, тым больш, што яна ў нас не арэндаваная. У нас усё абсталяваньне сваё. Калі хопіць розуму не забіраць тэхніку – мы як выходзілі, так і будзем выходзіць.

У “Народнай волі” канфіскавалі ж тэхніку дзеля таго, каб высьветліць яе прыналежнасьць. Гэта ўсё сьмешна. Але калі прыдуць з дакумэнтамі, з пратаколам канфіскацыі… Мы лічым гэта незаконным, але, калі прыдуць афіцыйныя асобы з усімі дакумэнтамі, мы павінны будзем падпарадкавацца. Вось тады – так: тады зьявіцца пытаньне, што гэта зроблена адмыслова дзеля таго, каб спыніць выхад газэты”.

Нагадаем, што праверка дзейнасьці БДГ – гэта частка больш шырокай кампаніі перасьледу незалежных сродкаў масавай інфармацыі і незалежных арганізацыяў з боку беларускіх уладаў. Раней было канфіскаванае (як сьцвярджаюць улады, узятае на праверку) кампутарнае абсталяваньне рэдакцыяў “Нашай свабоды” і “Народнай волі”. Былі канфіскаваныя “дзеля праверкі” і кампутары арганізацыі “Беларускі клюб выбаршчыкаў.
XS
SM
MD
LG