Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“АПАЗЫЦЫЯ ІДЗЕ Ў БОЙ АБ’ЯДНАНАЮ, АЛЕ НАД БЕЛАРУСЬСЮ ЛУНАЕ ПАХ ПЕРАВАРОТУ”.


Сяргей Шупа, Прага

Бальшыня беларускіх публікацыяў у сёньняшнім замежным друку так ці йначай зьвязаная з прэзыдэнцкімі выбарамі. Польская Rzeczpospolita камэнтуе ўчорашнія выступы ў тэлевізіі кандыдатаў у прэзыдэнты Домаша і Гайдукевіча. Gazeta Wyborcza публікуе ўражаньні ад першых дзён у Менску назіральнікаў ад АБСЭ. Нарвэскaя газэтa Nationen піша пра вымушанае скарачэньне фармату назіральнай місіі АБСЭ зь віны беларускіх уладаў. Літоўскія Lietuvos Rytas і Lietuvos Žinios зацікавіліся новым дакумэнтам у справе аб зьніклых – дасланай у рэдакцыі розных сродкаў інфармацыі відэакасэтай з запісам інтэрвію былога супрацоўніка сілавых структураў. Нямецкая Süddeutsche Zeitung зноў зьвяртаецца да тэмы эскадронаў сьмерці і нядаўняй канфіскацыі тыражу Нашай Свабоды.

Швэйцарская газэта Le Temps, якая выдаецца ў Жэнэве, апублікавала сёньня артыкул пад назовам: «Апазыцыя ідзе ў бой аб’яднанаю, але над Беларусьсю лунае пах перавароту». Гэты артыкул мы і абралі для больш падрабязнага азнаямленьня. Маскоўскі карэспандэнт газэты Лёран Нікале піша:

«На лініі старту іх было два дзясяткі. У фінішным забегу іх застанецца толькі двое. І рызыкоўны гонар кінуць выклік Аляксандру Лукашэнку на выбарах 9 верасьня выпаў 62-гадоваму кіраўніку беларускіх прафсаюзаў Уладзімеру Ганчарыку. Памянёны Лукашэнка ужо публічна выказаў усю агіду, якую выклікае ў яго выбарчы сцэнар дзівосным чынам аб’яднанай апазыцыі: «Ганчарык – стары апаратчык. І сёньня ён маніцца зьмяніць тую самую краіну, якую ён сам некалі будаваў. Ён дзейнічае пад ціскам Злучаных Штатаў». Застаецца яшчэ дадаць, што Ганчарык мае за сабою ўсе апазыцыйныя партыі, улучна з камуністамі, а таксама прафсаюзы і ўсе дэмакратычныя арганзіацыі, пасьля таго, як яшчэ адзін прэтэндэнт ­ нацыяналіст Сямён Домаш – згадзіўся зьняць сваю кандыдатуру ўзамен на абяцаньне ў выпадку абраньня Ганчарыка быць прызначаным прэм’ер-міністрам.

Улады, - піша далей швэйцарская газэта, - ужо выявілі першыя азнакі вялікай нэрвознасьці, канфіскаваўшы тыраж спэцвыпуску газэты Наша Свабода, дзе на першай паласе былі надрукаваныя выніку апытаньня, паводле якога за Лукашэнку зьбіраюцца галасаваць тольі 20 працэнтаў. Паводле Ганчарыка, вычудасты беларускі кіраўнік хутчэй за ўсё ня спыніцца і перад тым, каб арганізаваць «буйнамаштабныя правакацыі». Дарэчы, за тыдзень перад выбарамі ў Беларусі заплянаванае правядзеньне вялікіх манэўраў. А надрукаваны ў адной расейскай газэце сакрэтны дакумэнт паведамляе пра сцэнар дзеяньняў на выпадак перамогі апазыцыі: будуць «спантанна» арганізаваныя патрыятычныя дэманстрацыі, на якіх грамадзяне будуць крычаць пра падман, і ўсё гэта будзе трансьлявацца ў тэлевізіі. Офісы апазыцыі будуць заблякаваныя, і ў гэтым часе будзе абвешчана пра перамогу Лукашэнкі.

Тым часам Уладзімер Ганчарык абяцае ў выпадку абраньня ўзмацніць уладу парлямэнту, і зьменшыць паўнамоцтвы прэзыдэнта, даць свабоду сродкам інфармацыі, адкрыта расьсьледаваць справу эскадронаў сьмерці, распачаць эканамічныя рэформы і інтэнсыфікаваць збліжэньне з Расеяй. Гэты прафсаюзны лідэр лічыць, што яго падтрымае нават намэнклятура: «Функцыянэрам рэжыму ўжо абрыдла жыць як на вулькане. Кожнага зь іх могуць пасадзіць у турму з прыдуманымі абвінавачаньнямі, або публічна збэсьціць і выпхнуць у адстаўку за чужыя правіны». Аднак бальшыня назіральнікаў не падзяляе гэтага аптымізму і мяркуюць, што ўзначальваная Ганчарыкам коаліцыя, з прычыны яе несумяшчальнай стракатасьці, наўрад ці можа спадзявацца ў другім туры на нешта большае, чым на ролю статыстаў», - чытаем у сёньняшнім нумары швэйцарскай газэты Le Temps.
XS
SM
MD
LG