Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КААРДЫНАЦЫЙНАЯ РАДА ДЭМАКРАТЫЧНЫХ СІЛАЎ ПРЭЗЭНТАВАЛА ПРАГРАМУ САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНЫХ РЭФОРМАЎ ДЛЯ БЕЛАРУСІ


Ягор Маёрчык, Менск

Паводле праграмы, рэформы прапануецца ажыцьцяўляць па некалькіх накірунках — грашовая і падатковая сфэры, рэфармаваньне прамысловасьці й сельскай гаспадаркі, зьмяненьне сыстэмы сацыяльнай абароны.

Аўтары праграмы лічаць, што трэба даць Нацыянальнаму банку сапраўдную незалежнасьць ад ураду і парлямэнту і рэфармаваць банкаўскую сыстэму. Падаходны падатак мусіць быць адзіны для ўсіх і складаць 10% ад даходу.

Рэфармаваньне прамысловасьці плянуецца ажыцьцяўляць праз прыватызацыю і прыцягненьне замежных інвэстыцыцяў. Дзяржава павінна гарантаваць падтрымку малога і сярэдняга бізнэсу, а таксама фэрмэраў і прадпрымальнікаў у аграрным сэктары.

Старшыня ў Каардынацыйнай радзе дэмакратычных сілаў Анатоль Лябедзька, былы кіраўнік Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч і дырэктар Цэнтру разьвіцьця нацыянальнай канкурэнтаздольнасьці Павал Данэйка, якія і прэзэнтавалі праграму рэформаў, заявілі жуналістам, што Ўладзімер Ганчарык ужо пазнаёміўся з плянам пераўтварэньняў. І, як паведаміў Павал Данэйка, на 80% ён згодны з праграмай.

Анатоль Лябедзька кажа, што гэта не азначае таго, што адзіны кандыдат у выпадку перамогі на выбарах будзе праводзіць рэформы менавіта паводле гэтай праграмы:

(Лябедзька: ) "Калі 9-га верасьня мы выйграем, Ганчарык — калі ён хоча застацца прэзыдэнтам — а ня новым правіцелем, проста мусіць сказаць, што гэта мая праграма, я яе буду выконваць.

Разам з тым, сёньняшні кандыдат ад шырокай грамадзянскай кааліцыі абапіраецца ня толькі на дэмакратычныя сілы, але й на намэнклятуру, і на левых. Натуральна, што калі камуністы-калякінцы пачытаюць гэтую праграму, у іх будзе багата пытаньняў, натуральна, калі намэнклятура пачытае праграму, у яе таксама будуць пытаньні. Таму што іхныя інтарэсы крышку разыходзяцца. Мы зыходзім ня зь нейкага чыстага варыянту, мы зыходзім з эўрапейскага, які павінен быць".

Адказваючы на пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода, былы старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч назваў эканамічную частку перадвыбарчай праграмы Аляксандра Лукашэнкі "надзвычай слабой".

(Багданкевіч: ) "Я сказаў бы, што ёсьць рэчы, зь якімі я цалкам згодны — гэта, прыкладам, свабода слова і свабода веравызнаньня. Аднак што да макраэканомікі ды інвэстыцыяў — ні слова няма ў ягонай праграме. Уся праграма пабудаваная на прыгожых лёзунгах, якія прамаўляліся пры савецкай уладзе. Гэта прыгожа гучыць, але няма ніякай канкрэтыкі. Шчыра кажучы, праграма надзвычай слабая".
XS
SM
MD
LG