Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СЯМЁН ДОМАШ ЗЬНЯЎ СВАЮ КАНДЫДАТУРУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня раніцай падчас тэрмінова скліканай прэсавай канфэрэнцыі Сямён Домаш паведаміў, што пастаўленая апошняя кропка ў справе выкананьня падпісанага больш як тыдзень таму пагадненьня паміж ім, Уладзімерам Ганчарыкам і шырокай грамадзянскай кааліцыяй.

Паводле Сямёна Домаша, яны са спадаром Ганчарыкам дамовіліся, што зьняцьце ягонай кандыдатуры адбудзецца адразу ж пасьля першага выступу перад выбарцамі па Беларускім тэлебачаньні. Сваё абяцаньне Сямён Домаш стрымаў, заклікаўшы ва ўчорашнім тэлевыступе людзей галасаваць за Ўладзімера Ганчарыка, а сёньня ён афіцыйна здымае сваю кандыдатуру. Пасьля Сямён Домаш зачытаў сваю заяву ў Цэнтарвыбаркам:

(Домаш: ) "У Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па правядзеньні выбараў і рэспубліканскіх рэфэрэндумаў. Заява. Карыстаючыся сваім правам, даводжу да вашага ведама, што ў адпаведнасьці з артыкулам 69 частка 1 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь, я, Домаш Сямён Мікалаевіч, здымаю сваю кандыдатуру ў якасьці кандыдата на прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь".

Адразу ж пасьля заканчэньня прэсавай канфэрэнцыі заяву Сямёна Домаша перадалі ў Цэнтарвыбаркам.

Ўладзімер Ганчарык выглядаў вельмі задаволеным. Яны абняліся зь Сямёнам Домашам, пасьля чаго спадар Ганчарык сказаў:

(Ганчарык: ) "Я аддаю належнае Сямёну Мікалаевічу Домашу, што ён робіць менавіта так. Ён зрабіў тое, што ня проста мусіў зрабіць палітык, а зрабіў учынак, годны грамадзяніна, годны ўрэшце рэшт мужчыны. Я разумею, што гэта ня простае рашэньне, але я ўдзячны яму, бо гэта зроблена дзеля дасягненьня агульнай мэты — перамогі на выбарах".

Нагадаем, што паводле Выбарчага кодэксу,кандыдат, які здымае сваю кандыдатуру без паважнай прычыны, мусіць вярнуць дзяржаве сродкі, якія пайшлі на ягоную кампанію. Вось што сказаў з гэтай нагоды Сямён Домаш:

(Домаш: ) "Я ніякіх грошаў у Цэнтарвыбаркаму ня браў. Я разумею гэта так, калі б я гэтыя грошы браў, выкарыстоўваў іх на нейкую кампанію, то тады мне прыйшлося б іх вяртаць. І дарэчы, я быў гатовы да гэтага. Калі спатрэбілася б, і калі б яны на мяне нейкія сродкі выдаткавалі, калі б гэта было пацьверджана, я б іх вярнуў".

Уладзімер Ганчарык сёньня накіраваў у ЦВК заяву з просьбай зарэгістраваць Сямёна Домаша ягонай даверанай асобай. Спадар Домаш ужо ўзначаліў палітычную раду пры штабе адзінага кандыдата. Учора прайшло першае паседжаньне гэтага органу, на якім вырашылі правесьці 2 верасьня ў Менску вялікую сустрэчу адзінага кандыдата з выбарцамі. 3 верасьня падобныя сустрэчы з кандыдатам і ягонымі даверанымі асобамі пройдуць у 25 гарадах Беларусі.

Домаш таксама будзе працаваць над эканамічнай праграмай будучага ўраду.
XS
SM
MD
LG