Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СПРАВА ЗЬНІКЛЫХ МОЖА СТАЦЬ СУР’ЁЗНЫМ АРГУМЭНТАМ У ВЫБАРЧАЙ КАМПАНІІ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага.

“Чым бліжэй прызначаныя на 9 верасьня прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, тым больш непрадказальны, фантасмагарычны, а часам і пазамежавы характар набывае перадвыбарчая інтрыга”, – такі погляд на сытуацыю з выбарамі беларускага прэзыдэнта выказвае сёньня расейская “Независимая газета”.

Журналіст “Независимой газеты” Армен Ханбабян у артыкуле пад назовам “Незалежнасьць як бясспрэчны набытак беларусаў” інтрыгу выбарчай кампаніі бачыць у тым, што “ў кантэксьце працэсаў, якія разгортваюцца ў рэспубліцы, адчувальны рэзананс мела рашэньне Партыі камуністаў Беларусі падтрымаць на будучых выбарах лідэра прафсаюзаў Уладзімера Ганчарыка, асноўнага суперніка Аляксандра Лукашэнкі, кандыдата ад дэмакратычнай апазыцыі”.

Газэта прыводзіць словы падтрымкі Лукашэнку, выказаныя Зюганавым, што “менавіта прэзыдэнт Лукашэнка рэальна вядзе палітыку на аб’яднаньне нашай парушанай айчыны”. У той жа час Лукашэнка, не адрынуўшы працягнутую расейскімі камуністамі руку дапамогі, у “Асноўных прынцыпах перадвыбарнай плятформы” сфармуляваў галоўную сваю задачу ў выпадку абраньня на новы тэрмін – “захаваньне сувэрэнітэту і незалежнасьці”, бо “гэты набытак кожнага народу ня можа быць пастаўлены пад сумнеў нікім і ніколі”.

Аўтар “Независимой газеты” падкрэсьлівае, што беларуская апазыцыя ня схільная да расслабленьня нават у сьвятле такіх яскравых пэрспэктываў, бо – тут журналіст спасылаецца на выступ Ганчарыка на Кангрэсе дэмакратычных сілаў – ведае, што ўлады рыхтуюць палітычную правакацыю.

Карэспандэнт газэты “Время новостей”, распавядаючы пра апошнюю сэнсацыйную падзею ў Беларусі зь відэакасэтай, якая ўтрымлівае інфармацыю пра далучанасьць высокіх дзяржаўных асобаў да зьнікненьня палітыкаў і журналіста Завадзкага, зазначае, што менавіта гэтая гучная справа “можа стаць сур’ёзным аргумэнтам у прэзыдэнцкай кампаніі”. Бо людзей, чые імёны фігуруюць у дакумэнтах, даведзеных да шырокага ведама кандыдатам ад апазыцыі Уладзімерам Ганчарыкам, узяў пад сваю абарону Лукашэнка. Праваахоўчыя ворганы нават не спрабавалі праверыць верагоднасьць вэрсіяў, што зьявіліся ў СМІ, а Дзьмітрыя Паўлючэнку Лукашэнка нават назваў сваім абаронцам.

Іншую інтрыгу ў беларускай выбарчай кампаніі заўважыў аўтар артыкулу “Партфелі раздадзеныя. Засталося стаць прэзыдэнтам” у “Российской газете”. Галоўную задачу апазыцыі ён бачыць у давядзеньні свайго адзінага кандыдата да другога туру выбараў. “Толькі ў гэтым выпадку, – лічыць маскоўскі журналіст, – Уладзімер Ганчарык мае хоць нейкі шанец на перамогу”. Але ці адбудзецца другі тур увогуле?” – ставіць пытаньне аўтар артыкулу. І адказвае на яго – “Існуе шмат фактаў, якія ў вачох Захаду ставяць пад сумнеў дэмакратычнасьць і празрыстасьць беларускіх выбараў. Так што зусім магчыма, асноўныя падзеі ў Беларусі пачнуцца ўжо пасьля 9 верасьня.”

Так піша “Российская газета”.
XS
SM
MD
LG