Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЛІДЭРЫ АПАЗЫЦЫЙНЫХ ПАРТЫЯЎ АБВІНАВАЧВАЮЦЬ АФІЦЫЙНЫЯ ЎЛАДЫ Ў ПАРУШЭНЬНЯХ ВЫБАРЧАГА ЗАКАНАДАЎСТВА


Уладзімер Глод, Менск

Лідэры апазыцыйных палітычных партыяў з гэтай нагоды прынялі адмысловую заяву. Уладзімер Нісьцюк, які старшыняваў на паседжаньні, пракамэнтаваў гэты крок наступным чынам:

(Нісьцюк: ) "Мы ня можам спакойна назіраць, як улада ігнаруе выбарчае заканадаўства, якое яна ж сама сабе сфармулявала і прыняла. І мы бачым, што па ўсіх самых важнейшых накірунках гэтае заканадаўства парушаецца — нягледзячы ні на што".

Заява засяроджвае ўвагу на трох момантах. Першае — улады дазваляюць кандыдатам на прэзыдэнта сустракацца з выбарцамі на вуліцы толькі пры ўмове папярэдняй заяўкі. Такім чынам, на сустрэчы застаецца ўсяго пяць дзён, за якія правесьці паўнавартасную выбарчую кампанію немагчыма. Другое, дзяржаўныя мэдыі застаюцца, як і раней, манапалізаванымі, і працуюць толькі на аднаго кандыдата. У гэтай сувязі спадар Нісьцюк нагадаў пра становішча з мэдыямі 7 гадоў таму.

(Нісьцюк: ) "Прычым як сам Лукашэнка у 1994 годзе казаў: у нас на экране тэлебачаньня ёсьць толькі "Uncle Bence" і uncle Кебіч. Дык зараз у нас няма нават uncle Бэнса, а ёсьць толькі uncle Лукашэнка".

Трэцяя тэма заявы — канфіскацыя абсталяваньня ў тых грамадзкіх аб'яднаньняў, што ўдзельнічаюць у сыстэме незалежнага ўнутранага назіраньня за выбарамі.

На падставе ўсяго гэтага робіцца наступная выснова: "Уладны рэжым баіцца правядзеньня свабодных і дэмакратычных выбараў, кандыдаты на прэзыдэнта знаходзяцца ў няроўных умовах".

Сёньня ж адмысловую заяву перадалі ў Кансультацыйна-назіральную групу АБСЭ, міжнародным назіральнікам зь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека, а таксама ў сродкі масавай інфармацыі. Уладзімер Нісьцюк пракамэнтаваў гэты факт так:

(Нісьцюк: ) "Мы ня можам маўчаць. І мы павінны выказаць гэтую думку. Выказаць як уладзе, так і беларускаму народу, і міжнароднай супольнасьці".

Дарэчы, 28 жніўня ў Менск прыляціць намесьнік старшыні Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, сябар рабочай групы ў справах Беларусі Кіма Кюлінен. Ён таксама атрымае гэты дакумэнт.
XS
SM
MD
LG