Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАЙДУКЕВІЧ І ДОМАШ ВЫСТУПІЛІ НА ТЭЛЕБАЧАНЬНІ


Юры Сьвірко, Менск

Спачатку на тэлеэкране зьявіўся Лукашэнкаў герб Беларусі, потым беларускамоўны надпіс "Выступленьне кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь", а потым – Сяргей Гайдукевіч, які празь лёсаваньне атрымаў бясплатны тэлефір першым. Спадар Гайдукевіч, імя й прозьвішча якога напісалі па-беларуску, прамаўляў толькі на расейскай мове, хаця й сказаў, цытую: "Безь беларускае мовы, хаця б у дзяржаўных установах, няма беларускае дзяржавы".

Лідэр лібэрал-дэмакратычнае партыі пабудаваў свой выступ у форме адказаў на агульныя пытаньні выбаршчыкаў, якія дасылаюць яму лісты. На пытаньне, як ён ставіцца да абяцаньня Аляксандра Лукашэнкі падвысіць сярэдні заробак да 100 даляраў на месяц, Сяргей Гайдукевіч адказаў гэтак: "Мне становіцца крыўдна" – і адразу ж паабяцаў за першыя 6 месяцаў у выпадку сваёй перамогі 200 даляраў, а да канца наступнага году – 400 даляраў. Фразу наконт заробку памерам 350-400 даляраў спадар Гайдукевіч паўтарыў у часе прамовы некалькі разоў.

Лібэрал-дэмакратычны кандыдат выступіў таксама за скарачэньне дзяржапарату й кантрольных службаў, за вызваленьне моладзі ад абавязковай вайсковай службы, усталяваньне рэальнае прыватнае ўласнасьці на зямлю ды зьнішчэньне чэргаў у АВІРах па замежныя пашпарты. Ён таксама паабяцаў свабоду сродкам масавае інфармацыі.

Наступным выступіў Сямён Домаш. Ён распачаў і скончыў сваю прамову па-беларуску, але палову часу гаварыў на расейскай мове. Менавіта па-расейску спадар Домаш абвяргаў сьцьверджаньні пра тое, што ён беларускі нацыяналіст. "Толькі разам мы пабудуем дом наш – Беларусь", – заявіў ён. На думку Сямёна Домаша, Беларусь – гэта мост паміж Эўропай і Расеяй, які згубіў абодва апірышчы – як заходняе, гэтак і ўсходняе.

Кандыдат назваў падзеі вакод рэфэрэндуму 1996 году "дзяржаўным пераваротам", Аляксандра Лукашэнку – аўтарытарным правіцелем, а "Палату прадстаўнікоў" – гэтак званай і нават "палаткай".

Сямён Домаш прапанаваў некалькі канкрэтных крокаў: першы – аднаўленьне ўлады Закону праз выбары у паўнавартасны парлямэнт і стварэньне незалежнае судовае сыстэмы, другі крок – паставіць дзяржаўную ўладу пад кантроль грамадзтва шляхам вызваленьня сродкаў масавае інфармацыі, трэці крок – пасьлядоўныя пераўтварэньні ў эканоміцы.

"Пытаньне пра зьмену рэжыму ў Беларусі выходзіць на ўзровень задачы нацыянальнага выратаваньня", – зрабіў выснову спадар Домаш і зазначыў, цытую: "Я выканаю абяцаньне і здыму сваю кандыдатуру на карысьць Уладзімера Іванавіча Ганчарыка".

Паводле словаў Сямёна Домаша, "мы не апазыцыя – сёньня Лукашэнка знаходзіцца ў апазыцыі да беларускага народу".

Адразу пасьля тэлевізійнае трансьляцыі я патэлефанаваў яму й задаў гэткае пытаньне:

(Карэспандэнт: ) "Ці выразалі там што-небудзь, не?"

(Домаш: ) "Не, толькі два словы зьніклі. "Вільня" – дзе я пра вакзал расказваў, і – пры другім паўторы – прозьвішча Юркова. А так усё астатняе засталося як было".

(Карэспандэнт: ) "А гэта, Вы лічыце, выразала Беларускае тэлебачаньне?"

(Домаш: ) "Ну а хто яшчэ? Я памятаю, што я іх гаварыў."

(Карэспандэнт: ) "Але збольшага Вы задаволеныя?"

(Домаш: ) "Так".

(Карэспандэнт: ) "Ніякіх прэтэнзіяў да БТ ня маеце?"

(Домаш: ) "Ёсьць прэтэнзіі, але гэта ўжо другая справа. А па гэтым выступе – не".
XS
SM
MD
LG