Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІРАЎНІК МІСІІ БДІПЧ ГРАЕР БАЛЬЯН: МЫ СУТЫКАЕМСЯ З ПРОЦІДЗЕЯНЬНЕМ БЕЛАРУСКІХ УЛАДАЎ


Уладзімер Глод, Менск

Кіраўнік місіі Граер Бальян найперш патлумачыў, чаму ён вымушаны адмовіцца ад заплянаванай прэсавай канфэрэнцыі.

(Бальян: ) "Артыкул 13 Выбарчага кодэксу і правілы Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі абмяжоўваюць наша права на правядзеньне прэсавых канфэрэнцыяў. Я не магу гэтага рабіць фактычна да падвядзеньня вынікаў галасаваньня. Гэта нічога ня варта. Гэта найгрубейшае парушэньне параграфа 8 Капэнгагенскага дакумэнту".

Вось чаму міжнародныя назіральнікі вымушаныя былі праводзіць брыфінг для дыпляматаў з удзелам журналістаў.

Паводле сп. Бальяна, Бюро з самага пачатку сутыкнулася з процідзеяньнем беларускіх уладаў. Назіральнікам са значным спазьненьнем даслалі запрашэньне, зацягнулі выдачы візаў, а двум, ключавым, паводле Бальяна, супрацоўнікам місіі — Эндру Брусу і Брайяну Бонару — візаў на ўезд не далі дагэтуль. Магчыма, візаў ім не далі таму, што яны летась працавалі ў Беларусі ў складзе тэхнічнай місіі Бюро, якая адсочвала выбары ў так званы парлямэнт. Міністэрства замежных справаў Беларусі ўсё яшчэ не дае тлумачэньняў, чаму так здарылася. Таму кіраўніцтва місіі будзе зьвяртацца па дапамогу ў Цэнтарвыбаркам і так званы Нацыянальны сход.

Такім чынам, экспэрты БДІПЧ прапусьцілі моманты збору подпісаў, рэгістрацыі кандыдатаў на прэзыдэнта, першы тыдзень асьвятленьня выбарчай кампаніі ў мэдыях. У гэтай сувязі кіраўнік місіі заявіў:

(Бальян: ) "Усё гэта надзвычай важныя элемэнты нашых намаганьняў у справе назіраньня ў любой краіне, ня толькі ў Беларусі".

Кіраўнік місіі сказаў, што ягоная група дасьць аб'ектыўную ацэнку беларускім выбарам, бо яна ня мае ніякай прадузятасьці. Ён адзначыў наступнае:

(Бальян: ) "Я распавяду вам пра нашу місію, грамадзянства і біяграфіі. Гэта 20 краінаў, 16 зь якіх прадстаўляюць СНД, Цэнтральную Эўропу і Балканы. І калі нас абвінавачваюць у тым, што мы прыяжджаем з загадзя падрыхтаваным рашэньнем, кожнаму сябру місіі крыўдна чуць такое. Абражаюць тыя краіны, адкуль сябры місіі прыехалі, і тыя арганізацыі, якія яны прадстаўляюць. Гэта ня ёсьць сур'ёзным абвінавачаньнем, гэта ня можа быць сур'ёзным абвінавачаньнем".

Сп. Бальян паведаміў, што цікавасьць да выбараў прэзыдэнта Беларусі павялічваецца. Калі раней мерквалі, што непасрэдна перад выбарамі краіну наведаюць каля 150 кароткачасовых назіральнікаў, дык зараз ужо можна прагназаваць, што іхная колькасьць узрасьце. Ёсьць жаданьне пабываць у Беларусі і ў парлямэнтароў з розных міжнародных арганізацыяў.


XS
SM
MD
LG