Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІРАЎНІКІ ШТАБУ ГАНЧАРЫКА ЛІЧАЦЬ, ШТО ЎЛАДЫ СПРАБАВАЛІ ЗАБІЦЬ ДВУХ АКТЫВІСТАЎ ІХНАЙ КАМАНДЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Кіраўніца тэхналягічнага штабу адзінага кандыдата Валянціна Палевікова і юрыст Сяргей Альфер сёньня арганізавалі прэсавую канфэрэнцыю, у часе якой распавялі пра шматлікія перашкоды, што чыняць камандзе Ўладзімера Ганчарыка ўлады. Паводле спадарыні Палевіковай, толькі цягам апошніх двух дзён у вельмі падазроных аўтамабільных аварыях ледзь не загінулі два актыўных сябра штабу спадара Ганчарыка — Віталь Малашка й Сяргей Ложкін. Распавядае Валянціна Палевікова:

(Палевікова: ) "Учора ў нас здарыўся жудасны выпадак — у рэанімацыі знаходзіцца актыўны сябар штабу Віталь Малашка. Ён трапіў у аварыю, калі вяртаўся зь Берасьцейскага штабу ў Менск. У машыны адкруціліся колы. Тое ж самае адбылося з маім намесьнікам Сяргеем Ложкіным, які ехаў у Горадню. У яго таксама зьляцела кола, але ўсё абышлося. Я ня ведаю, ці гэта зьбег абставінаў, ці гэта заканамернасьць. Але гледзячы на ўсё, што робіцца, можна сказаць, што гэта заканамернасьць".

Кіраўнік юрыдычнага аддзелу штабу адзінага кандыдата Сяргей Альфер выказаўся больш радыкальна:

(Альфер: ) "Што тычыцца двух выпадкаў, з Малашкам і зь Сяргеем Ложкіным, гэта робіцца мэтанакіравана, як і зьнікненьні людзей у Беларусі. Мы абавязкова зробім запыт у пракуратуру, каб яна расьсьледавала гэтыя выпадкі, бо мы лічым, што гэта была спроба палітычнага забойства актыўных сяброў нашага штабу".

Нагадаем, што падобны выпадак некалькі месяцаў таму здарыўся з аўтамабілем былога прэтэндэнта на прэзыдэнта Паўла Казлоўскага. Але тады спадар Казлоўскі й ягоны кіроўца своечасова заўважылі, што кола адкручанае, і трагедыі ўдалася пазьбегнуць. Павал Казлоўскі не сумняецца, што аварыі, у якія трапілі спадары Малашка й Ложкін, былі арганізаваныя.

Тым часам Валянціна Палевікова прадэманстравала прысутным спэцыяльнае прыстасаваньне — гэтак званага "жучка", якімі звычайна карыстаюцца спэцслужбы для праслухоўваньня размоваў. Спадарыня Палевікова знайшла гэтага "жучка" пад сталом у сваім офісе. Падобнае ж прыстасаваньне знайшлі і ў тэлефонным апараце Ўладзімера Ганчарыка.

Кіраўніца тэхналягічнага штабу адзінага кандыдата не сумняецца, што гэта зрабілі спэцслужбы Аляксандра Лукашэнкі. Аднак зьвяртацца ў пракуратуру з гэтай нагоды актывісты штабу ня будуць, каб ня даць магчымасьці ўладам паставіць новыя прыстасаваньні, а сваімі сіламі паспрабуць адшукаць і ліквідаваць "жучкоў".

Паводле Валянціны Палевіковай, ёй ды некаторым іншым сябрам штабу пачалі пагражаць невядомыя людзі ў цывільным. Сама яна гэтых пагрозаў не баіцца, а вось Уладзімеру Ганчарыку нядаўна прызначылі ахову.

Нягледзячы на супрацьдзеяньне ўладаў, актыўная агітацыйная кампанія за адзінага кандыдата, што пачалася толькі сёньня, будзе штодня пашырацца.

Паводле Валянціны Палевіковай, хаця ўжо мінуў тыдзень ад рэгістрацыі кандыдатаў, аднак актывісты каманды Ганчарыка не маглі пачаць агітацыйных пікетаў, бо Цэнтарвыбаркам доўгі час не выдаткоўваў сродкаў на друкаваную прадукцыю. Але цяпер гэтую праблему вырашылі, і сёньня ўжо арганізаваныя сотні пікетаў у 50 гарадах Беларусі.

Валянціна Палевікова лічыць, што цяпер галоўная задача актывістаў штабу — дайсьці да як мага большай колькасьці выбарцаў, а таксама абвяргаць любую дэзінфармацыю, што зьяўляецца пра спадара Ганчарыка ў дзяржаўных СМІ.

А неўзабаве Валянціна Палевікова мае намер накіраваць асабісты ліст кожнай беларускай жанчыне з заклікам зрабіць 9 верасьня слушны выбар.


XS
SM
MD
LG